Незвычайнае спаборніцтва мае адбыцца ў пачатку красавіка ў Магілёве. Настаўнік беларускай мовы Магілёўскай гарадской гімназіі №1 Юрась Каласоўскі прапанаваў вучням свайго 5 “Б” класа прыняць удзел у забегу на 10 км на адным з стадыёнаў горада.
Пры гэтым сам настаўнік (Ю. Каласоўскі займаецца марафонскім бегам) будзе бегчы ўсю дыстанцыю, а вучні будуць змяняць адно аднаго кожныя 400 м (1 круг па стадыёне). Паколькі вучняў у 5 “Б” класе 25, то, мяняючы заадно аднаго кожныя 400 м, дзеці таксама прабягуць 10 км разам са сваім настаўнікам.
Трэба адзначыць, што праз лёсаванне вучні Юрася Каласоўскага ўжо вызначылі, у якім парадку яны будуць бегчы. Таксама на незвычайнае спаборніцтва настаўнік хоча запрасіць бацькоў вучняў, якія, на яго думку, змогуць дапамагчы стварыць сапраўды святочную і добразычлівую атмасферу. Таксама сачыць за ходам спаборніцтваў будуць і настаўнікі фізкультуры.
14 сакавіка ў спаборніцтвах (бег на адну гадзіну па стадыёне) у Гародні Ю. Каласоўскі паказаў вынік 16 км, пераадолеўшы 10 км за 37 хв. 20 сек. А ці здолеюць перамагчы свайго настаўніка вучні?
На фота ўдзельнікі спаборніцтва.
Фота: facebook.com