У кнігарні Мінска закаціўся «Гарбузік»

Новы літаратурна-забаўляльны, яркі і пазнавальны дзіцячы альманах “Гарбузік” выйшаў у бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”! Яго прыдумалі вясёлыя бацькі  для дапытлівых дзетак, неабыякавых выхавальнікаў ды іншых мам і тат!

vokladkaA3

Новы папяровы сябра “Гарбузік” падрыхтаваў для цікаўных, разумненькіх і актыўных маленькіх беларусаў найлепшыя спосабы прабавіць вольны час. Ён навучыць лічыць і выразаць аўтарскія выцінанкі Вольгі Бабурынай, майстраваць папяровыя замкі і рашаць касмічныя задачкі, апавядзе, як адрозніць правую руку ад левай і лёгка засвоіць новыя англійскія словы!

“Гарбузік” паўстаў колькі гадоў таму як бацькоўскі самвыдат для беларускамоўных дзетак, — кажа рэдактар альманаха Вольга Мазурава. — Мы дзяліліся на форумах dzietki.org уражаннямі наконт дзіцячых выданняў і аднойчы зразумелі, што для сваіх дзяцей можам і мусім зрабіць нешта сваё, вясёлае і радаснае.

Назву прыдумлялі ўсім сайтам (дагэтуль на “Нашых дзетках” можна знайсці галасаванку з варыянтамі, якія прапаноўвалі натхнёныя ўдзельнікі: “Сябрынка”, “Весялiнка”, “Чамучак”, “Жэўжыкі”, “Апалонік”…) Уласна “Гарбузік” прыдумала Крысціна Вітушка. Мы з Палінай Грынчанкай узяліся ўкладаць і рэдагаваць выданне, Ірына Бурносенка — вярстаць і рабіць дызайн, Алена Церашкова шчодра навыдумляла вершаў. Нехта маляваў гульні, нехта складаў рэбусы, нехта пераказваў дзіцячыя цікавосткі з іншых краін. Жаданні і просьбы нашых маленькіх чытачоў мы чулі адразу, гартаючы разам з імі старонкі новых нумароў.  Загалоўнага персанажа — няўрымсліка Гарбузіка — урэшце стварыла мастачка Вольга Раманюк, яна ж намалявала для яго ўтульны і таварыскі свет”.

1_9

“Бацькі, аб’яднаныя сайтам “Нашыя дзеткі”, шчыра захаплялі мяне, — кажа сябра рэдакцыйнай калегіі альманаха і пісьменніца-казачніца Алена Масла. — Бо замест скаргаў на тое, што для беларускамоўных дзетак нічога няма, запачаткавалі і рабілі харошую справу. Калі з’явілася задума выдаваць альманах для дзяцей у Саюзе беларускіх пісьменнікаў, пачалі думаць над назвай, канцэпцыяй, магчымай камандай. Я прапанавала арганізацыі “ўсынавіць” “Гарбузіка”. Пры альманаху створаная прадстаўнічая рэдкалегія з вядомых аўтараў. Упэўненая, кожны з творцаў паможа “Гарбузіку” чым зможа: і падкорміць яго ўласнымі выбітнымі творамі для дзяцей, і творчым калегам дарогу да выдання падкажа, і слоўца рэкламы не забудзецца сказаць у розных аўдыторыях”.

“Гэты нумар “Гарбузіка” — такі сабе the best of папярэдніх нумароў, — кажа Анатоль Івашчанка, сябра рэдакцыйнай калегіі і малады беларускамоўны бацька. — Галоўнай задачай укладальнікаў было, каб гэты выпуск не ператварыўся ў стракаты вінегрэт, а выглядаў цэласным і канцэптуальным. І я лічу, што каманда з гэтай задачай справілася бліскуча! Нумар атрымаўся гарманічным і арганічным як па змесце, так і па афармленні.

Пры заяўленай ад пачатку арыентацыі на дашкалятаў і малодшыя класы, здаецца, што аўдыторыя ў “Гарбузіка” шырэйшая. Прынамсі, мая 9-гадовая дачка, узяўшы ў рукі гэты альманах, была ў захапленні. А цяпер яна з нажніцамі майструе макет Лідскага замка, каб засяліць туды яго гаспадара –— вялікага князя Гедыміна”.

1_14

У каманды стваральнікаў вялікае мноства задумак: “Хочам рабіць выпускі як для дашкольнікаў, так і для малодшых школьнікаў, — дзеліцца планамі Вольга Мазурава, — А таксама разгорткі з настольнымі гульнямі. Тэматычныя выпускі (найбліжэйшы — “Цуды свету”). Самаробкі, галаваломкі, творы беларускіх аўтараў і пераклады сусветнай дзіцячай класікі, вершы і прозу, энцыклапедычныя старонкі, тэсты, конкурсы… Як той казаў, дай Бог чутае пабачыць!”

“Лічыцца, што каша з гарбузоў, гарбузянка, —  спажыўная і карысная, — дадае Алена Масла. — Вельмі спадзяемся, што “Гарбузік” такую літаратурна-культурную кашу заварыць, якая натхніць творцаў тварыць, а дзяцей — чытаць сваё!”

Набыць карыснага і забаўляльнага “Гарбузіка” ўжо можна ў сталічных кнігарнях:

“Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72); кнігарня “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А); “Кніжны салон” (вул. Калініна, 5); “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2); “Веды” (вул. К. Маркса, 36); “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11); “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19); “Кнігі & кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14); Кніжная выстава-кірмаш “Мир книг” (вул. Янкі Купалы, 27); “Эўрыка” (вул. Куйбышава, 75).

А таксама ў інтэрнэт-крамах knihi.by і prastora.by.

Неўзабаве шукайце дзіцячы альманах і ў рэгіёнах!

budzma.by
Гл. таксама: Стваральнікі «Гарбузіка»: найлепшыя інвестыцыі – у сваіх дзяцей