Шаноўныя настаўнікі, выкладчыкі, выхавальнікі, вучні і студэнты!
Прыміце шчырыя віншаванні з Днём ведаў і пачаткам новага навучальнага года!
Менавіта веды заўсёды былі самай галоўнай каштоўнасцю беларусаў. Таму не верце, што ў вашай прафесіі нізкі сацыяльны статус. У вашыя рукі мы аддаем самае дарагое – будучыню. Прыемна, што ўсё больш і больш настаўнікаў усведамляюць сваю місію. Яны самі, а не па загадзе зверху, бяруць за яе адказнасць.
Мінулы навучальны год быў плённым, не гледзячы на стагнацыю ў адукацыйных вярхах, адсутнасць сапраўдных прафсаюзаў і нахабства мясцовых уладаў, якія імкнуцца ўсе праблемы вырашыць коштам педагогаў. Ну, пра іх у святочны дзень не будзем. Дзякуючы іх бездапаможнасці, беларускія настаўнікі вучацца спадзявацца на сябе. А гэта, можа, больш набліжае нас да еўрапейскай адукацыйнай прасторы, чым усе інавацыі і Балонскі працэс, разам узятыя.
Настаўнікі самастойна асвойваюць самыя эфектыўныя методыкі, упершыню ў гіісторыі Беларусі самі напісалі цудоўны дапаможнік для калег “Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт беларускіх настаўнікаў”, які мае 150 суаўтараў.
Настаўнікі самі аб’ядноўваюцца для самадапамогі. Сёлета наш калега пры падтрымцы талакі ўпершыню выйграў суд у Рэспубліканскага інстытуту кантроля ведаў, які ўжо колькі год тэрарызаваў найбольш актыўных і разумных педагогаў за тое, што яны разбіраюць з дзецьмі заданні рэпетыцыйнага тэставання ў інтэрнэце.
Усё больш і больш настаўнікаў самі праводзяць семінары для калег ці запрашаюць такіх жа настаўнікаў-практыкаў. Настаўнікі самі арганізуюцца і робяць пляцоўкі дыстанцыйнага навучання. Настаўнікі разам з бацькамі набываюць абсталяванне ў класы, а не дываны ў кабінет дырэктара, як было раней. Настаўнікі самі пішуць беларускія школьныя песні, каб нашыя дзеці раслі беларусамі і ніколі ў іх галовы не прыйшла думка падзелу краіны…
Нашы настаўнікі паступова падымаюць галовы і становяцца адказнымі грамадзянамі.
Калегі, дзякуй вам за гэта!
Зычым вам плёну ў вашых намаганнях, прафесійнай свабоды і разумных вучняў. Чакаем вашых матэрыялаў на сайце і абяцаем, што будзем і надалей прыкладаць намаганні, каб мы разам, без загаду і прымусу рабілі нашу адукацыю якаснай, сучаснай, еўрапейскай.
У якасці падарунка на 1 верасня прыміце запрашэнні на дыстанцыйны курс “Актыўная ацэнка” і на конкурс “Ноўтбук актыўнаму настаўніку”, якія таксама ладзяцца настаўніцкай талакой.
Ваш Nastaunik.info