У новыя навучальныя праграмы для 11-га класа ўвойдуць два творы Святланы Алексіевіч — «Чарнобыльская малітва» і «Цынкавыя хлопчыкі». Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Міністэрства адукацыі.
Гэтыя творы будуць вывучацца «як на павышаным, так і на базавым узроўні», адзначылі ў міністэрстве.
Паводле інфармацыі Нацыянальнага інстытуту адукацыі Мінадукацыі, праграмы плануецца зацвердзіць у гэтым месяцы, а вучыцца паводле іх школьнікі будуць з 2015/2016 навучальнага года.
Творчасць Алексіевіч будзе прадстаўлена ў раздзеле «рускамоўныя пісьменнікі Беларусі». Цяпер творчасць беларускай пісьменніцы, якая 8 кастрычніка 2015 г. стала нобелеўскім лаўрэатам, у школах Беларусі не вывучаюць.
У праграмны спіс рускамоўнай літаратуры Беларусі цяпер уваходзяць, сярод іншага, «Каратели» Алеся Адамовіча, «Вам задание» Мікалая Чаргінца, лірыка Ізяслава Катлярова (8 клас), «Радимичи» Наталлі Голубевай, «Польша не заграница» Алега Ждана, аповесці Анатоля Андрэева (11 клас).
Нагадваем, што творы Святланы Алексіевіч прыбралі са школьнай праграмы у пачатку 2000-х гадоў.
Цікавыя факты пра нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч:
- Паходзіць з сям'і настаўнікаў у 4-м пакаленні.
- Лічыць сваімі настаўнікамі Алеся Адамовіча і Васіля Быкава.
- Дапамагала Беларускаму гуманітарнаму ліцэю, калі той ліквідавалі ўлады.
- Даслала мільён рублёў Наталлі Ільініч, калі яе звольнілі са школы за дэмакратычныя погляды.
- Падчас сваёй першай канферэнцыі ў якасці нобелеўскага лаўрэата заявіла: «Я сябе адчуваю чалавекам беларускага свету... Я збіраюся жыць у Беларусі».