«Беларускае пяцібор'е» — інтэлектуальнае спаборніцтва на веданне беларускай мовы становіцца ўсё больш папулярным сярод школьнікаў 9—10-х класаў, навучэнцаў ліцэяў і гімназій. Такі спосаб выпрабаванняў быў прапанаваны магілёўскім настаўнікам вышэйшай катэгорыі, спецыялістам у галіне матэматычнай адукацыі Міхасём Булавацкім.
Калі раней удзельнікаў былі адзінкі, то апошнім часам спатрэбілася ўвесці абмежаванні. Некалькі дзясяткаў найбольш актыўных маладых людзей атрымалі магчымасць выпрабаваць сябе ў спаборніцтвах, якія адбудуцца ўжо ў гэтую сераду ў сценах МДУ імя Куляшова. Ім трэба будзе па-беларуску адказаць на пытанні па матэматыцы, беларускай мове і літаратуры, гісторыі Беларусі і прыродазнаўстве.
— У школах, дзе выкладанне іншых прадметаў ідзе на рускай мове, высокая адзнака па беларускай не заўсёды адпавядае якасці гэтых ведаў, — патлумачыў ідэйны натхняльнік «Беларускага пяцібор'я» Міхась Булавацкі. — Мы прапаноўваем рэальна ацаніць свае магчымасці. А заадно праверыць сябе на веданне гісторыі роднага краю.
Дарэчы, за 15 гадоў існавання гэтых спаборніцтваў яшчэ ніводны ўдзельнік не дасягнуў неабходных 300 балаў за свае адказы. Своеасаблівы рэкорд быў пастаўлены ў 2011 годзе вучнем 1-й магілёўскай гімназіі, які атрымаў 214 балаў. У сярэднім школьнікі набіраюць па 100—200 балаў. Пераможцаў сёлетняга пяцібор'я, акрамя традыцыйных дыпломаў, упершыню за час існавання гэтых выпрабаванняў чакаюць яшчэ і медалі. Перавагі пры паступленні ў ВНУ яны не даюць, але валодаць гэтымі ўзнагародамі прэстыжна. А яшчэ вучням прадастаўляецца шанц паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі, дзе ў якасці падарункаў будуць прапанаваны мастацкія і гістарычныя творы на роднай мове.
— Беларускае спаборніцтва — гэта вельмі карысны і дзейсны спосаб выпрабавання сваіх ведаў, — адзначыў прарэктар МДУ імя Куляшова Мікалай Бузук. — Мы імкнёмся падтрымаць удзельнікаў прызамі і дыпломамі, заахвоціць іх прагу да ведаў. Гэта свайго роду прафарыентацыя маладых людзей. Мы зацікаўлены, каб у нас вучыліся неабыякавыя да сваёй будучай спецыяльнасці студэнты.
Нэлі ЗІГУЛЯ, Звязда