Польская настаўніца Яланта Акунеўска, якая выкарыстоўвае актыўную ацэнку і медыяадукацыю ў сваёй практыцы, увайшла у топ-50 прэтэндэнтаў на атрыманне Міжнароднай прэміі найлепшаму настаўніку - 2016 (Global Teacher Prize 2016).
Яланта зазначае, што пераломным пунктам у яе кар'еры быў момант, калі яна пачала вучыць англійскую мову:
- Дзякуючы гэтаму, я змагла дасканаліццца ў прафесіі, выязджаючы за мяжу. Я выязджала да розных школ, назірала, што там адбываецца і змяняла сваё мысленне пра школу, пра адукацыю. Гэта была самае ўдалае рашэнне ў маім жыцці. Я ж пачала вучыць англійскую мову, калі была ўжо далёка не маладой.
Вучні пад кіраўніцтвам Яланты ўдзельнічаюць у мультымедыйных праектах. Чатыры гады таму праект, які яна распрацавала разам з вучнямі, выйграў еўрапейскі конкурс, і ў якасці ўзнагароды ўвесь клас атрымаў планшэты.
Аднак настаўніца, выкарыстоўваючы ўсе перавагі сучасных тэхналогій, паказвае дзецям, што смартфоны і планшэты з'яўляюцца не проста забаўкамі.
- Я назваю іх “плансшыткі” (tableszytem), але я не хачу, каб у 1-3 класах ноўтбук або планшэт замяніў сшытак ці падручнік. Я сама прыдумала філасофію: планшэт – гэта офіснае абсталяванне. Мы карыстаемся планшэтамі, калі насамрэч трэба зрабіць дадатковыя практыкаванні, каб нешта сфатаграфаваць, падрыхтаваць плакат, для пошуку інфармацыі, - тлумачыць Яланта Акунеўска.
Магчымасць сувязі настаўніка праз мультымедыя выкарыстоўваецца і ў стасунках з хворымі дзецьмі, якія не могуць наведваць заняткі ў школе.
Яланта лічыць важным падыход да ацэнкі вучня:
- Безадзнакавае навучанне дае лепшыя вынікі, таму што яно заснавана на ўнутранай матывацыі. Няма той матывацыі знешняй, якая залежыць ад адзнакі. Гэта цяжка для настаўнікаў, бо яны прызвычаіліся, іх саміх у школе ацэньвалі ў балах. Праблемай для нашых школ з'яўляецца тое, што мы шмат вымяраем і засяроджваемся на вучнёўскіх недахопах і памылках. Настаўніку лягчэй сказаць, што вучань не ўмее, чым заўважыць прагрэс і пахваліць за тое, што дзіця ўжо ведае.
Прэмію ў мільён долараў называюць аналагам Нобелеўскай прэміі для педагогаў.
У 50 фіналістаў увайшлі прадстаўнікі 29 краін, якіх адабралі сярод васьмі тысяч прэтэндэнтаў з 148 краін.
Кароткі спіс з дзесяці фіналістаў будзе апублікаваны адборачным камітэтам у лютым 2016 года. У сакавіку ўсе яны будуць запрошаны ў Дубай на цырымонію ўручэння прэміі, якая адбудзецца ў ходзе правядзення Міжнароднага адукацыйнага форуму.
Заснавальнікам прэміі, якая ўручаецца штогод, з'яўляецца міжнародны дабрачынны фонд Varkey Foundation. Заснавальнік фонду - прадпрымальнік з Дубая індыйскага паходжання Сані Варкі. Ён валодае кампаніяй GEMS Education, якая кіруе больш чым 120 школамі на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, Еўропе, Індыі і Кітаі. Фінансавую падтрымку прэміі здзяйсняе правіцель эмірата Дубай шэйх Мухамед бен Рашыд аль-Мактум.
Nastaunik.info