Надзея Нікалаева, zviazda.by
Кожны бюджэтны рубель, якi ўкладваецца сёння ў сацыяльную сферу, павiнен максiмальна эфектыўна выкарыстоўвацца.
Такую думку агучыла на калегii Мiнiстэрства адукацыi намеснік прэм'ер-міністра Наталля КАЧАНАВА.
— Нас цiкавiць эфектыўнасць працы ўстаноў абсалютна ўсiх узроўняў: ад дашкольнай да спецыяльнай адукацыi, вышэйшай школы i адукацыi дарослых, — падкрэслiла Наталля Качанава. — У 2015 годзе ўрад вельмi шмат увагi надаваў дзейнасцi сiстэмы адукацыi, мы праводзiлi нарады, выязджалi ў рэгiёны, сустракалiся з настаўнiкамi, выхавальнiкамi, кiраўнiкамi ўстаноў адукацыi для таго, каб прыняць правiльныя рашэннi. Галоўная задача, якая стаiць сёння перад галiной, — гэта якасная i даступная адукацыя. Але разам з тым нельга забывацца пра яшчэ адзiн важны аспект — я маю на ўвазе здароўе нашых дзяцей.
Наталля Качанава паведамiла, што летась Камiтэтам дзяржаўнага кантролю праводзiлася праверка, якая ўстанавiла шматлiкiя факты парушэння арганiзацыi харчавання ў дзiцячых дашкольных установах, прычым парушэннi былi выяўлены ў кожнай з 58 правераных устаноў.
— Нягледзячы на тое, што за харчаванне дзяцей у школах адказваюць камбiнаты школьнага харчавання, я лiчу, што кожны кiраўнiк установы адукацыi павiнен цiкавiцца, як i чым харчуюцца яго вучнi, — падкрэслiла Наталля Качанава. — Хачу звярнуць iх увагу яшчэ на адну акалiчнасць. У пачатковай школе прадмет «Фiзiчная культура» павiнны весцi настаўнiкi фiзiчнай культуры ( такiх спецыялiстаў у нас хапае — iх рыхтуюць 12 ВНУ!). I перш чым патрабаваць ад дзiцяцi выканання на ўроках нейкiх нарматываў, трэба яго спачатку адпаведна падрыхтаваць, а зрабiць гэта можа толькi прафесiянал. У гэтых пытаннях нельга дапускаць абыякавасцi. Сёння ў краiне распрацоўваюцца новыя вучэбныя праграмы i планы. Але мы абавязкова павiнны прыводзiць iх у адпаведнасць са здароўем нашых дзяцей, i нагрузка на школьнiкаў павiнна быць адэкватнай.
Наталля Качанава канстатавала, што летась рост злачыннасцi сярод непаўналетнiх склаў 8,4% . Разам з тым, як паказаў манiторынг, толькi 15% дзяцей, якiя знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становiшчы, наведваюць гурткi па-за школай. А з дзяцей, якiя стаяць на ўлiку ў iнспекцыi па справах непаўналетнiх, аб'яднаннi па iнтарэсах наведваюць усяго 13%.
Спынiлася Наталля Качанава i на «праблеме з барадой» — выкананнi педагогамi неўласцiвых iм функцый:
— На ўзроўнi ўрада мы прынялi ўсе меры, якiя ад нас залежаць, i паставiлi адпаведную задачу перад Мiнiстэрствам адукацыi — зрабiць усё, каб педагогi займалiся толькi сваiмi непасрэднымi задачамi i абавязкамi. Але вось зусiм свежы прыклад. Адно з раённых упраўленняў адукацыi сталiцы накiравала ва ўстановы адукацыi лiст з iнфармацыяй пра запазычанасць грамадзян па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугi.
Педагогам прапануецца ў рамках «всеобуча» абследаваць умовы пражывання непаўналетнiх i правесцi тлумачальную работу з бацькамi пра неабходнасць пагашэння запазычанасцi па аплаце за паслугi жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Скажыце, як гэта разумець? Дапусцiм, што дзецi ў такiх сем'ях могуць знаходзiцца ў сацыяльна небяспечным становiшчы. Дзякуй за гэты сiгнал. Але тлумачальнай работай павiнны займацца не педагогi, а тыя, каму належыць! Не трэба даводзiць сiтуацыю да абсурду!
У лютым распачынаецца працэдура папярэдняга размеркавання выпускнiкоў навучальных устаноў. Па словах Наталлi Качанавай, ёсць iнфармацыя з месцаў, што прадпрыемствы i кампанii адмаўляюцца браць да сябе на працу маладых спецыялiстаў.
— Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць працаўладкаванню выпускнікоў, якія навучаліся за сродкі бюджэту. Міністэрства адукацыі павінна ўзяць гэта пытанне на асаблівы кантроль, — падкрэсліла Наталля Качанава.
Разам з тым вiцэ-прэм'ер папрасiла кiраўнiцтва Мiнiстэрства адукацыi разам з кiраўнiцтвам Мiнiстэрства эканомiкi яшчэ раз добра прадумаць, колькi абiтурыентаў i на якiя спецыяльнасцi набiраць у гэтым годзе. «Наша задача — рыхтаваць тых спецыялiстаў, якiя будуць запатрабаваныя на рынку працы», — дадала яна.
Намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Беларусi Iгар БУЗОЎСКI, якi таксама ўзяў удзел у вынiковай калегii Мiнiстэрства адукацыi, падкрэслiў у гутарцы з журналiстамi, што Беларусь абрала стратэгiю, накiраваную на фармiраванне дзяржаўнасцi, незалежнасцi, у тым лiку i сiстэмы адукацыi, таму нам нельга бяздумна пераймаць замежны вопыт у сферы адукацыi. У краiне праводзiцца мэтанакiраваная праца па захаваннi найлепшых традыцый сiстэмы адукацыi i лепшых напрацовак. У той жа час намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi падтрымаў пазiцыю Прэзiдэнта, якi не аднойчы выказваў пажаданне надаць сiстэме адукацыi больш энергiчны, дынамiчны i паступальны рух. «Неабходна рыхтаваць спецыялiстаў, здольных рэагаваць на выклiкi часу, для чаго, магчыма, патрабуюцца прынцыпова новыя падыходы», — адзначыў Iгар Бузоўскi. На яго думку, у сiстэме адукацыi вельмi важны комплексны падыход, якi ўключае як вучэбны, так i выхаваўчы складнiк. Гэта, па яго словах, дазволiць сфармiраваць не проста адукаванага чалавека, а асобу i грамадзянiна.