Жыхар Брэста стварыў у інтэрнэце сайт, на якім можна абмяняцца месцамі ў дзіцячых садках горада. Неўзабаве ён плануе падключыць да сэрвісу Мінск.
Рэсурс з'явіўся ў сеціве тыдзень таму. Ілля Новікаў, які працуе спецыялістам па пошукавай аптымізацыі ў адной з брэсцкіх фірмаў, захапіўся праграмаваннем. У якасці праекта вырашыў стварыць сайт. Ідэю распрацоўкі рэсурсу для абмену садкамі падказала мама.
- Яна сказала, што хоча, каб людзі маглі мяняцца садкамі. Яна даўно гэтую ідэю выношвала. Я заняўся і за некалькі тыдняў змог яе рэалізаваць, - патлумачыў Ілля Новікаў.
Паслугамі сайта можна скарыстацца бясплатна. Любы ахвочы можа прайсці па спасылцы і пашукаць прапановы абмену.
- Людзі заходзяць, пакідаюць заяўку, у якой паказваюць, у дзіцячым садзе якога раёна ў іх ужо ёсць месца, і выбіраюць з спісу раён, дзе хацелі б знайсці дзіцячы сад. Калі ў чалавека ёсць месца на Кавалёўцы, а ён хоча ўладкаваць дзіця ў садок на Усходзе, ён шукае прыдатную прапанову. Кожны пакідае кантактныя звесткі. Затым стэлефаноўваюцца, ідуць у адміністрацыю раёна і вырашаюць пытанне ў асабістым парадку. Я проста дапамагаю людзям знайсці адно аднаго, - апісаў працэдуру аўтар сайта.
На гэты момант на сайце ўсяго адзін зарэгістраваны карыстальнік. Аўтар разлічвае, што ў будучыні аўдыторыя павялічыцца.
У аддзеле адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама адзначылі, што тэарэтычна магчыма абмяняцца месцамі ў дзіцячых садках, калі абедзве сям'і на гэта згодныя і гэта не ўшчамляе правы іншых удзельнікаў працэсу.
- Прыватныя выпадкі раней былі, - адзначыў начальнік аддзела Анатоль Наскоў, падкрэсліўшы, што з такімі зваротамі ў аддзел прыходзяць вельмі рэдка.
У найбліжэйшай перспектыве Ілля плануе падключыць да сэрвісу Мінск, а таксама іншыя абласныя гарады. Акрамя таго, у найбліжэйшай будучыні будзе дададзеная функцыя пошуку не па раёне горада, а па нумары дзіцячага садка.