КДБ і школьнікі: Што змянілася ў вучэбнай праграме па АБЖ

25.08.2016

АРЦЁМ МАРТЫНОВІЧ, euroradio.fm

Новыя праграмы па АБЖ для школьнікаў прэзентуе Мінадукацыі. Сёлета ўпершыню разам з лекарамі, ратавальнікамі і міліцыянтамі праграмы дапамагаў складаць КДБ. У Мінадукацыі запэўнілі, што ведамства само прапанавала дапамогу.

Праграмы ўжо ёсць на сайце Інстытута адукацыі. Паглядзім, што новага дадалі спецслужбы.

"Правілы паводзін у выпадку ўзяцця ў заложнікі і правядзення спецаперацыі па вызваленні заложнікаў. Дзеянні ў выпадку ўзяцця ў заложнікі і падчас аперацыі па вызваленні заложнікаў", — адзін з прынцыпова новых пунктаў праграмы для пятага класа.

У ранейшай праграме ўзору 2012 года вывучалі "тэрарызм як небяспечную з'яву" і тое, толькі ў восьмым класе.

Пяціклашак навучаць таксама правільна карыстацца сацсеткамі:

"Меры бяспекі пры рабоце ў інтэрнэце, зносінах у сацсетках. Адказнасць за парушэнне заканадаўства", — яшчэ адзін прынцыпова новы пункт праграмы. Відавочна, узрост карыстальнікаў сацыяльных сетак панізіўся.

Бо раней, у мінулай праграме, "камп'ютар і асабістую бяспеку" праходзілі толькі ў сёмым класе.

Школьнікаў вучылі, як падабраць камп'ютарныя гульні, як адрозніць ліцэнзаваную прадукцыю, як пазбегнуць "інфармацыі антычалавечнага і гвалтоўнага характару". Пра сацсеткі — ні слова.

У раздзеле "здаровы лад жыцця" пра інтэрнэт і сацсеткі яшчэ два ўрокі. Пяціклашак навучаць пазбягаць інтэрнэт-залежнасці:

"Шкода празмернага карыстання інтэрнэтам, яго ўплыў на здароўе чалавека. Магчымая небяспека сацыяльных сетак, інтэрнэт-залежнасць", — так гучаць пункты праграмы, якія, відавочна складалі медыкі.

А наступны раздзел "Бяспека работы ў інтэрнэце", хутчэй, падказалі спецыялісты МУС і КДБ. Ён гучыць так:

"Махлярства ў інтэрнэце, рэклама і спам. Небяспека падману ў сацыяльных сетках. Недапушчальнасць выкарыстання сеткі Інтэрнэт для пагроз альбо загадзя лжывых паведамленняў пра небяспеку".

Нічога падобнага раней школьнікі не вывучалі. У Мінадукацыі абяцаюць, што ўрокі па АБЖ цяпер будуць праводзіцца ў гульнявой форме, каб дзецям было лягчэй засвойваць матэрыял.

Паглядзім, ці навучаць малодшых школьнікаў бяспечна рабіць сэлфі і лавіць пакемонаў.