Наталля Тур, Рэгіянальная газета
Лічыць начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Дзяніс Томашаў. І ці павінны ўвогуле школьнікаў адпраўляць на бульбу, разбіраемся разам з нашым суразмоўцам.
Пасля трагедыі, якая здарылася ў чацвер, 29 верасня, калі падчас уборкі бульбы загінула 13-гадовая школьніца, з’явілася шмат пытанняў.
Па-першае, гэта, канешне ж, хто вінаваты? Але на гэтае пытанне зможа адказаць толькі суд, калі скончыцца следства.
Другое пытанне, на якое паспрабуем адказаць мы: ці адпускаць сваіх дзяцей на сельскагаспадарчыя работы.
Разбірацца ў тонкасці заканадаўства нам дапамагае Дзяніс Томашаў, начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.
– Заключэнне працоўнага дагавора, згодна з заканадаўствам, дапускаецца толькі з асобамі, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту.
Калі дзіцяці 14 гадоў, то з ім можа быць заключаны працоўны дагавор толькі з пісьмовага дазволу бацькоў.
– І то, такі дагавор можа быць заключаны толькі на выкананне лёгкай працы, дзе няма фактараў, якія мы адносім да небяспечных. Патлумачу: там, дзе выкарыстоўваюцца рэчывы, якія могуць нашкодзіць здароўю дзіцяці, або там, дзе працуе тэхніка з усялякімі “веялкамі” і “сеялкамі”, дзяцей увогуле быць не павінна. Тое ж датычыцца і ўборкі бульбы.
На полі, дзе працуе тэхніка, дзіцяці знаходзіцца забаронена.
Акрамя таго, перанос і перасоўванне непаўналетнімі цяжару ўручную рэгламентаваныя міжгаліновымі правіламі па ахове працы пры правядзенні пагрузачна-разгрузачных работ, зацверджаных пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РБ №173 ад 12 снежня 2005 года.
Згодна з гэтым заканадаўчым дакументам, дзіцяці, якому 14 год, дазволена падымаць і пераносіць цяжар, вага якога не перавышае трох кілаграмаў.
– Парушэнні, якія дапусцілі тыя, хто адпраўляў 13-гадовую школьніцу на ўборку бульбы, відавочныя. Адказны за гэта, па-першае, павінны быў пераканацца ў тым, што дзіцяці споўнілася 14 гадоў, што ў яго ёсць медыцынская даведка, якая дазваляе выконваць фізічную працу.
На пытанне, ці адпраўляць дзяцей дапамагаць калгасам, Дзяніс Томашаў адказаў:
– Толькі з пісьмовага дазволу бацькоў.
Са словамі Дзяніса Томашава пагадзілася і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Іна Драпеза:
– Канешне, адпраўляць дзіця на бульбу ці не, вырашаюць толькі бацькі. Ніхто не ў праве прымушаць дзіця. Больш я нічога каментаваць не буду. Ідзе следства, хай там і разбіраюцца, хто вінаваты.
Яшчэ адно пытанне, якое актыўна абмяркоўваюць маладзечанцы, гэта чаму на бульбу адпраўляюць школьнікаў, калі ў горадзе шмат беспрацоўных:
Начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Маладзечанскага райвыканкама Вольга Майстрэнка расказала “Рэгіянальнай газеце”, што паміж СВК і ўпраўленнем заключаны дагавор.
– Калі чалавек хоча паехаць на ўборку бульбы, ён павінны прыйсці да нас і напісаць заяву. Мы яшчэ не адмовілі нікому. Штодзённа мы адпраўляем на ўборку бульбы каля 50 беспрацоўных. СВК за гэта разлічваецца і бульбай, і грашыма. За дзень працы работнік атрымоўвае 10 – 12 рублёў.
Недахопу ў працоўнай сіле, прызнаецца Вольга Майстрэнка, у Маладзечне няма.