Акцыя «Птушкі ля кармушкі» пройдзе ў трэція выходныя студзеня! АПБ разыграе сярод удзельнікаў 10 значкоў з птушкамі, якія часцей за ўсё зазіраюць на кармушку. Зелянушкі, гіль, палявой і домовый вераб'і могуць «прысесці» на ваш пінжак ці заплечнік!
Вы яшчэ не зрабілі сваёй кармушкі і хвалюецеся, што на гэта патрэбна шмат часу? Дарма! Адзін вольны вечар, нашыя сённяшнія парады – і кармушка ўжо вісіць.
Варыянт першы. Самы просты.
Вам спатрэбіцца: пакет з-пад малака, кефіру альбо соку, нажніцы ці нож, аловак, вяроўка.
Як зрабіць:
1. У пакеце прарэжце два вакна.
2. У ніжняй частцы зрабіце адтуліну, працягніце аловак, каб птушкам было зручна сядзець.
3. Зрабіце наверсе дзіркі для вяровачкі, каб была магчымасць падвесіць вашу кармушку.
4. Насыпце корм. Чакайце гасцей!
Варыянт другі. Крыху складаней.
Вам спатрэбіцца: пластыкавая бутэлька, нож, лыжкі, вяроўка.
Як зрабіць:
1. У пластыкавай бутэльцы зрабіце адтуліны. Дыяметр павінен быць крыху большым за лыжку.
2. Прасуньце ў гэтыя адтуліны лыжкі
3. Засыпце ў бутэльку корм.
Варыянт трэці. Садавінна і гародніна.
Вам спатрэбіцца: апельсін ці невялікі гарбуз, нож, вяроўка.
Як зрабіць:
1. Апельсін разрэжце на дзве часткі, мякаць з’ешце. Замест апельсіна можна ўзяць невялікі гарбуз.
2. Зрабіце нажом чатыры адтуліны, прасуньце ў іх вяроўкі. Звяжыце іх як на малюнку.
3. Насыпце ў апельсін корм. Чакайце гасцей.
Варыянт чацвёрты. Рамантычны.
Вам спатрэбяцца: картон, нажніцы, мука, вада,
Як зрабіць:
1. З картону выразаць фігуркі, напрыклад, сэрца. Зрабіць дзірку для вяроўкі.
2. Зрабіць мучны клейстар: змяшаць муку з вадой, падагрэць.
3. Нанесці клейстар на сэрца, зверху насыпаць корм. Дачакацца, пакуль застыне.
Канешне, гэта не ўсе варыянты кармушак. Мы паспрабавалі знайсці для вас самыя простыя і прыгожыя. Але ніхто не замінае зрабіць вам, напрыклад, вось так:
Паліна Федарава, ptushki.org