Ствараем на ўроку буклет, цытатнік пісьменніка...

Таццяна Барткевіч, гімназія г. Глыбокае. 
Напэўна, кожны настаўнік марыць пра тое, каб дзеці на ўроку працавалі з цікавасцю, творча. А сучасныя школьнікі прагматычныя ў думках і дзеяннях, мабільныя і разняволеныя. І як зрабіць, каб “непатрэбны” прадмет стаў і цікавым, і патрэбным? Шчыра ўдзячна за падказку нашым настаўнікам. Каб вывучыць біяграфію пісьменніка, паэта, шырэй пазнаёміцца з яго творамі, трэба распрацаваць буклет і абараніць яго. Па жаданні. Для астатніх – падручнік. І такая радасць: амаль усе пайшлі па шляху творчасці! І з кожным разам атрымлівалася ўсё лепш. 

І яшчэ. “Інтэрнэтныя” дзеці, якія з чытаюць у сеціве штодня “20 лепшых цытат …” з цікавасцю ствараюць цытатнікі з рамана У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, абараняюць іх, разважаюць над сэнсам сказанага, дыскутуюць. А заадно вучацца чытаць уважліва, “са смакам”, думаць. І радавацца таму, што могуць і самі быць творцамі.