Пятровіца запрашае

03.07.2017

 

8-12 ліпеня  адбудзецца сёмы рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры  “Пятровіца”.  Асноўныя мерапрыемствы пройдуць  у в. Шыпілавічы, на радзіме вядомага этнографа, пісьменніка, тэатральнага крытыка пп. ХIXст. Паўла Шпілеўскага.

“Пятровіца” – шматдзённы фэст, падчас якога  ўдзельнікі маюць магчымасць засвоіць асновы народных танцаў і песень, пазнаёміцца з рознымі відамі рамёстваў, якія захаваліся на тэрыторыі сучаснага Любанскага раёна.

Майстар-класы па танцах праводзіць  этнахарэограф, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкі” Сяргей Выскварка. Ён дзеліцца сваімі ведамі Любанскай танцавальнай манеры, якія атрымаў яшчэ ад сваёй бабулі, а папоўніў і сістэматызаваў ужо падчас сур’ёзанай даследчыцкай працы.

З 2015 года важным складнікам Пятровіцы сталі спеўныя заняткі.  Музыкалаг, мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта “Варган”, спн. Вольга Емяльянчык дапамагае зразумець і адчуць хараство народных песень. Апроч традыцыйных пятроўскіх песень, у гэтым годзе ўдзельнікі развучаць некалькі адмысловых “ягадных”  і прыпеўкі да танцаў.

Сёлета  ўдзельнікі паспрабуюць на 5 дзён стаць вясковымі жыхарамі: уставаць разам з сонцам, "упраўляцца" да сняданку, адпачываць апоўдні і танцаваць пакуль ёсць моц увечары... Спадзяемся, такі лад жыцця дапаможа яшчэ мацней паглыбіцца ў традыцыйную культуру.

Падчас вандровак жыхары Любаншчыны пачастуюць гасцей традыцыйнымі мясцовымі стравамі, навучаць выразаць рушнікі, танцаваць Кузьміцкія танцы, збіраць лекавыя зёлкі. Ірына Жудрык падзеліццца сакрэтамі выпякання хатняга хлеба ў печы, якія вывучыла яшчэ ад сваёй маці і бабулі.

Кожная з трох вандровак закончыцца тэматычнай танцавальнай вечарынкай: у стылі паваеннага мястэчка, у стылі вёскі 50-х гадоў і ў стылі даваеннай вёскі. Як сведчаць удзельнікі мінулага фэсту, танцы ў святле кірасінавай лямпы маюць сваю магію.

Завершыцца фэст удзелам у свяце Пятрок, якое цесна звязана з традыцыяй беларускіх гасцявых кірмашоў, таму малебен і канцэрт пакрысе пяройдуць у “кірмашаванне” (наведванне знаёмых у вёсцы) і завершыцца карагодамі па вёсцы, пятроўскім абрадам, кумленнем праз вогнішча, спевамі ды танцамі.

Мы спадзяемся, што людзі самага рознага ўзросту і сфер інтарэсаў змогуць адкрыць, пабачыць і пачуць шмат цікавага і невядомага ім раней, а таксама што ім перадасца тая любоў і павага, з якой мы ставімся да традыцыйнай культуры.

 

Болей інфармацыі на сайце фэсту:

 http://piatrovica.ethno.by/

 

І ў сацыяльных сетках:

Fb: https://www.facebook.com/groups/211665479205810/

Vk: https://vk.com/piatrovica