11.07.2017
Надзея Нікалаева, газета "Звязда"
Нагадаем, што з гэтага года ў абітурыентаў з'явілася магчымасць здаваць у рэзервовыя дні тры дысцыпліны і такім чынам не губляць цэлы год, напрыклад, з прычыны хваробы. Кожны зварот па дазвол удзельнічаць у ЦТ у рэзервовыя дні разглядаўся індывідуальна. Атрымалі яго 733 чалавекі. Адмоўлена ў праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні было 17 абітурыентам з прычыны адсутнасці ў іх дакументаў, якія пацвярджаюць аб'ектыўнасць пропуску экзамену ў асноўны час. Усе тры іспыты ў рэзервовыя дні здавалі пераважна грамадзяне Расіі і Казахстана, якія не змаглі прыехаць у нашу краіну на ЦТ у асноўны час, а таксама спартсмены, якія на той момант знаходзіліся на спаборніцтвах па-за межамі Беларусі.
Як расказаў журналістам старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, намеснік прэм'ер-міністра Васіль ЖАРКО, вынікі ЦТ 2017 года аказаліся не горшыя за леташнія. На 100 балаў тэсціраванне здалі 303 абітурыенты, 250 з іх з'яляюцца выпускнікамі гэтага года, а 53 скончылі школу раней. Паказальна, што сярод шчаслівых уладальнікаў стабальных сертыфікатаў ёсць і выпускнікі самых звычайных сельскіх школ. Максімальныя 100 балаў па двух прадметах на ЦТ атрымалі 11 абітурыентаў. На думку Васіля Жарко, гэта сведчыць аб тым, што тэсты даступныя і адпавядаюць навучальнай праграме.
Усяго на ЦТ сёлета было зарэгістравана каля 92 тысяч абітурыентаў. Не прыйшлі на экзамен прыкладна 2 тысячы чалавек. З экзаменацыйнай аўдыторыі былі выдалены 33 абітурыенты (найбольшая колькасць — з ЦТ па рускай мове), пераважна за выкарыстанне мабільных тэлефонаў. За час правядзення тэсціравання члены дзяржкамісіі разгледзелі звароты 13 чалавек. «Камісія працягне працаваць і падчас прыёму дакументаў, які стартуе ўжо 12 ліпеня, і падчас правядзення ўнутрывузаўскіх іспытаў, каб гарантаваць абітурыентам сацыяльную справядлівасць і законнасць пры правядзенні ўступнай кампаніі», — падкрэсліў Васіль Жарко.
Між іншым, учора распачалася выдача сертыфікатаў удзельнікам асноўнай хвалі ЦТ. Абітурыенты, якія здавалі тэсты ў рэзервовыя дні, змогуць забраць свае сертыфікаты ў БДУ з 13 ліпеня.
Арганізатары ЦТ звяртаюць увагу абітурыентаў на адну важную акалічнасць: паколькі сертыфікат — афіцыйны дакумент, правяраць дакладнасць яго афармлення, у прыватнасці, правільнасць напісання прозвішча, імя і імя па бацьку, трэба неадкладна, інакш праблемы абавязкова ўзнікнуць ужо пры падачы дакументаў у прыёмную камісію. У тым выпадку, калі абітурыент сапсаваў або страціў сертыфікат, яго могуць замяніць. Для гэтага трэба звяртацца ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.
У выпадку замены дакумента, які сведчыць асобу, у перыяд паміж датай рэгістрацыі ў якасці абітурыента і датай выдачы сертыфіката апошні афармляецца ў адпаведнасці з данымі новага дакумента, які сведчыць асобу.