7 адрозненняў паміж беларускай і фінскай школамі

30.08.2017

Аплата за навучанне, збор грошай «на рамонт», адзнакі і іспыты

Сістэма адукацыі Фінляндыі некалькі апошніх дзесяцігоддзяў, паводле ААН (ацэнка індэксу адукацыі) і брытанскай арганізацыі Pearson, якая даследуе сістэмы школьнай адукацыі ва ўсім свеце, лічыцца адной з найлепшых. Беларусь у рэйтынгу ААН займае месца ў канцы першай трыццаткі, Pearson у нашай краіне даследаванняў не праводзіць, суседняя Расія ў рэйтынгу брытанцаў размясцілася на 13-й пазіцыі.

Пачатак і завяршэнне вучобы

Вучыцца ў школе фінскія дзеці пачынаюць у 6 гадоў. Аднак перад гэтым ёсць магчымасць прайсці гадавую дашкольную падрыхтоўку. Школьны год пачынаецца на пачатку жніўня і працягваецца да канца траўня. У школе фіны вучацца да 16-17 гадоў, пасля чаго пераходзяць альбо ў гімназіі (гуманітарныя), альбо ў прафесійныя вучэльні (тэхнічныя). Там навучанне працягваецца яшчэ 3 гады, і ўжо пасля гэтага можна пры жаданні паступаць у ВНУ. Пасля 9 класаў вучобу працягваюць каля 95% фінаў, ва ўніверсітэтах працягваюць вучобу толькі 40% вучняў. Сярэдні ўзрост студэнта-першакурсніка Фінляндыі складае 21,5 года.

У Беларусі ў школу ідуць таксама з 6 гадоў, пасля 9 гадоў навучання можна працягнуць вучобу ў сярэдняй спецыяльнай установе альбо ў сваёй школе. Пасля гэтага — ВНУ. Паступіць туды можна, маючы 17 гадоў. Працягваюць вучобу ў ВНУ прыкладна 80% беларускіх выпускнікоў.

​Аплата за навучанне

Сістэма школьнай адукацыі ў Фінляндыі цалкам бясплатная. Плаціць не трэба не толькі за навучанне, але і за падручнікі, сшыткі, харчаванне і школьны транспарт. Бясплатныя таксама адукацыйныя экскурсіі.

Беларуская сярэдняя адукацыя таксама бясплатная. Аднак, напрыклад, за падручнікі давядзецца заплаціць. Кошт камплектаў вагаецца ў залежнасці ад класа. Сёлета гэта прыблізна ад 20 да 40 рублёў. Школьныя абеды дзяцей абыходзяцца беларускім бацькам прыкладна ў 50 рублёў на месяц. Такім чынам, толькі на школьнае харчаванне для дзяцей за год трэба аддаць каля 450 рублёў.

У дадатак бацькі абавязаныя набываць дзецям школьнага ўзросту форму ў так званым «дзелавым стылі», шточвэрць здаваць грошы «на ваду» і набываць дадатковыя навучальныя матэрыялы.

Збор грошай «на рамонт»

У Фінляндыі не практыкуецца. Большая частка гадавых выдаткаў на адукацыю ідзе менавіта на школы — 7,6% з 12%.

У Беларусі пытаннем збору грошай бацькамі займаюцца на ўзроўні Мінадукацыі. 21 студзеня 2017 года ведамства нават забараніла збіраць грошы на школьныя рамонты бацькоўскім камітэтам. «Калі школе патрэбна дапамога, то праз апякунскую раду альбо разліковы рахунак», — заявіла намесніца міністра адукацыі Раіса Сідарэнка. Чыноўніца таксама падкрэсліла, што ўсе ахвяраванні павінны насіць выключна добраахвотны характар. «Калі ў школе няма грошай на туалетную паперу, то гэта недапрацоўка кіраўніцтва», — сказала Сідарэнка.

Адзнакі і іспыты

Фінляндыя. Да шостага класа веды вучняў настаўнікі ацэньваюць умоўна (выкарыстоўваецца актыўная ацэнка - Nastainik.info), пасля — паводле 10-бальнай сістэмы. Усе школы падключаныя да агульнай электроннай сістэмы, дзе настаўнікі фіксуюць адзнакі сваіх вучняў, доступ да яе таксама маюць бацькі. Першы сур’ёзны іспыт — пры заканчэнні гімназіі альбо прафесійнай вучэльні. Абавязковы прадмет адзін — родная мова. Яшчэ тры можна выбраць (другая нацыянальная мова — фінская альбо шведская, замежная мова, матэматыка альбо гуманітарная навука). Вынікі гэтага іспыту пры паступленні ва ўнівэрсітэт не ўлічваюцца. Кожная ВНУ праводзіць свой уласны адбор студэнтаў.

Беларусь. 10-бальная сістэма ад пачатковай школы і заканчваючы ўнівэрсітэтамі. Абавязковыя іспыты пасля 9 класа і пасля 11-га. Абавязковыя іспыты пры паступленні ў гімназіі незалежна ад класа. Абавязковая здача Цэнтралізаванага тэставання пры паступленні ў ВНУ, там жа ўлічваецца сярэдні бал атэстата выпускніка.

Падзел школ на лепшыя і горшыя

Фінляндыя. Зведзены да мінімуму. Паводле Арганізацыі эканамічнага развіцця і супрацоўніцтва, узровень адукацыі ў горшых і лепшых школах краіны адрозніваецца ўсяго на 6%. У той час як сярэднееўрапейскі паказчык — 37%. У выніку ў Фінляндыі бацькі звычайна аддаюць дзяцей у самую блізкую да месца пражывання школу. Заробкі настаўнікаў у розных школах таксама амаль не адрозніваюцца. 90% фінскіх педагогаў задаволеныя сваім месцам працы і не збіраюцца яго мяняць.

Беларусь. Тут усё крыху складаней. Нядаўнія чуткі пра магчымую ліквідацыю гімназій і ліцэяў выклікалі вострае абмеркаванне грамадскасці. Існуюць рэйтынгі гімназій, ліцэяў і школаў, складзеныя паводле вынікаў цэнтралізаванага тэставання. Згодна з імі, узровень навучання самым розным прадметам у гімназіях і школах можа адрознівацца ў разы.

Конкурс на педагагічныя спецыяльнасці ў ВНУ

Гэты паказчык можа сведчыць аб прэстыжы прафесіі настаўніка. У Фінляндыі конкурс на педфак даходзіць да 20 чалавек на месца (так было ў 2011 годзе ва ўніверсітэце Хельсінкі). Прафесія настаўніка ў Фінляндыі застаецца адной з самых запатрабаваных і прэстыжных, ахвотнікаў уладкавацца на працу ў школу можа быць у дзесяць разоў больш, чым вакансій. Зарабляюць фінскія настаўнікі каля 3500 еўра. Сярэдні заробак у краіне крыху большы за 3 тысячы.

Конкурс на некаторыя спецыяльнасці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка сёлета ўвогуле адсутнічаў. На рэшту быў мінімальным. Сярэдні заробак у сістэме адукацыі Беларусі ў ліпені 2017 году склаў 541 рубель (каля 250 еўра), увогуле па краіне — 827 рублёў.

Фінансаванне

Гадавыя выдаткі ўраду Фінляндыі на адукацыю складаюць каля 12% ад выдаткаў усяго бюджэту за год. Сёлета гэта прыкладна 18 мільярдаў даляраў. Пры гэтым спробы ўрада скараціць выдаткі на адукацыю сутыкнуліся з крытыкай з боку грамадства.

У бюджэце Беларусі на 2017 год выдаткі на адукацыю запланаваныя ў памеры прыкладна 4,8%, альбо каля 400 мільёнаў даляраў. Пры гэтым насельніцтва Фінляндыі складае 5,5 мільёна грамадзян, а ў Беларусі жыве на 4 мільёны чалавек больш.