Біялогія, 9 клас.Тэма: Гігіена скуры. Прынцыпы загартоўвання

Вольга Жыткая, настаўніца біялогіі, г. п. Ушачы
 
Ідэя ўрока:
На тэлебачанні ёсць шмат ролікаў, якія рэкламуюць мыйныя сродкі для скуры і валасоў. Валасы з'яўляюцца вытворнымі эпідэрмісу. На ўроку ёсць магчымасць, з аднаго боку, асвятліць пытанні гігіены, з другога, - ёсць добры падручны матэрыял - рэклама шампуняў. Таму ўрок па гэтай тэме мае дастатковы патэнцыял для развіцця медыяпісьменнасці навучэнцаў.
 
Тып урока і месца ўрока ў раздзеле:
Урок вывучэння новай тэмы. Другі па ліку (усяго тры).
 
Праграмныя патрабаванні. Вучэбна-метадычнае і тэхнічнае забеспячэнне ўрока.
У новай праграме па біялогіі для навучэнцаў 8-9 класаў 2017 года запісана, што «Важным аспектам навучання з'яўляецца арганізацыя і стымуляванне настаўнікам актыўнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. У ходзе навучальных заняткаў рэкамендуецца стварыць сітуацыі, у якіх навучэнцы будуць не толькі засвойваць веды, але і спрабаваць ўжываць іх пры вырашэнні розных жыццёвых сітуацый"". У праграме таксама ўказана, што на ўроках біялогіі настаўнік павінен ствараць умовы для фарміравання ў вучняў інфармацыйнай і здароўезберагальнай кампетэнцый, акрамя таго,  навучэнец 9 класа павінен абгрунтаваць неабходнасць выканання правілаў асабістай гігіены; прымяняць веды для здаровага ладу жыцця, рацыянальнай арганізацыі працы і адпачынку.
Вучэбна-метадычнае і тэхнічнае забеспячэнне ўрока.
 
Падручнік па біялогіі для 9 класа, палоскі паперы для лёсавання, карткі для дэкадавання рэкламы, мультымедыйная ўстаноўка, выхад у Інтэрнэт, ноўтбук, прэзентацыя «Гігіена скуры чалавека».
 
Формы і метады работы для стварэння спрыяльнай рабочай абстаноўкі на ўроку: выкарыстанне інтэрактыўных метадаў: праца ў парах, выкарыстанне метаду 1х2х4; правіла «непадымання рук» (адказ па лёсванні»), правіла вялікага пальца (можна выкарыстоўваць замест "святлафора ") для зваротнай сувязі, правіла паважлівага стаўлення да меркавання і выказванне аднакласнікаў.
 
Мэта на мове вучняў: да канца ўрока будзеце ведаць правілы гігіены скуры, навошта трэба загартоўваць арганізм і як гэта правільна рабіць
 
Медыйная задача ўрока для вучня: Ці змагу выканаць дэкадаванне рэкламы?
 
 
 

clip.gif (1004×319)