Партал Ребенок.BY сабраў топ-7 дзіўных абавязкаў настаўнікаў – самых універсальных беларускіх работнікаў. У рамках адной прафесіі яны здольныя праяўляць рознабаковыя таленты, каб не толькі вучыць дзяцей, але і выконваць яшчэ дзясятак розных спраў.
Ужо нікога не здзівіш інфармацыяй, што настаўнікі сочаць за харчаваннем, здароўем, развіццём і дабрабытам сваіх вучняў. І ўсё гэта не толькі падчас урокаў. Настаўнік павінен пралічваць рызыкі няшчасных выпадкаў, якія могуць адбыцца з дзецьмі ў невучэбны час (узгадаем хлопчыка, які тануў у Свіслачы і звольненую настаўніцу, якая не змагла здагадацца, што дзіця будзе тануць у той час, калі яму належыць кніжкі з бацькамі чытаць). Настаўнікі трымаюць пад кантролем працу пажарных апавяшчальнікаў у вучнёўскіх кватэрах, а тыя педагогі, якім пашанцавала працаваць у вёсцы, – ужо ўсе ведаюць пра пячное ацяпленне. Настаўнікі збіраюць макулатуру і нават бутэлькі – нормы па шклатары ў адным з раёнаў Менску існуюць да гэтага часу. Аб масоўцы на розных мерапрыемствах пісаць ня трэба, гэтым нікога не здзівіш. Але за апошнія дні ў страі настаўніцкіх абавязкаў прыбыло. Акрамя ўсяго, што ўжо пералічана вышэй, настаўнік павінен...
1. Чысціць з дзецьмі зубы
Гэты ўказ закрануў педагогаў, якія працуюць з першакласнікамі. У ўмывальніках каля сталовых ці ў групах падоўжанага дня трэба арганізаваць класную чыстку зубоў. Праграма па барацьбе з карыесам не змагла абысці школу бокам, і цяпер педагог павінен ратаваць дзіцячыя зубы ад непатрэбных дзір.
2. Рабіць усё вельмі хутка
Напрыклад, сабраць за паўдня вялікі пласт інфармацыі. Памыляцца не дазваляецца. Таму што спробы ўсё выправіць ніхто не дае.
3. Купляць нецікавыя газеты
Настаўнікі плацяць з уласнай кішэні, які і так паўпусты, за нецікавыя ім газеты. Існуе нават план, якую газету і ў якой колькасці павінны купіць у школе. Вядома, часы сёння цяжкія. Вось настаўнік і дапамагае дзяржаўным выданням.
4. Спаборнічаць з іншымі настаўнікамі
Сталічныя настаўнікі дзеляцца інфармацыяй, што паміж школамі ёсць спаборніцтва па ахопу гарачым харчаваннем. Школе даводзіцца план, які пажадана выканаць. А калі не выйшла, настаўнік павінен пераканаць бацькоў, што дзіцяці без морквы ў малацэ на абед жыць вельмі цяжка. А значыць, яму трэба дапамагчы. Вітамінізацыя! Купіце, паважаныя бацькі, у буфеце сокі, садавіну і нават прысмакі. І не забудзьцеся прынесці чэк, які пацвярджае колькасць апельсінаў, набытых для дзіцяці – настаўніку яшчэ даваць справаздачу.
5. Прыбіраць лён
У пачатку лістапада настаўнікі з Гомельскай вобласці дапамагалі, па словах аблвыканкама, «ратаваць ураджай». Хто ў гэты час ратаваў дзяцей ад цемры невучэння – не ўдакладняецца. Факт застаецца фактам, беларускі настаўнік – гэта майстар на ўсе рукі.
6. Збіраць аналізы
Гэты нашумелы яшчэ ў мінулым годзе «абавязак» напаткаў некаторых педагогаў зноў. Настаўнік не толькі ратуе лён і дзіцячыя зубы, ён яшчэ абавязаны ратаваць дзіцячыя жываты ад глістоў. Універсальны працаўнік.
7. Быць добрым мэнэджэрам па продажах
Інакш, як яшчэ настаўнік павінен выканаць план па платных паслугах? Умей прадаць вучням і бацькам гэтыя паслугі, угавары іх, знайдзі спосабы. Ты ж настаўнік!