Як павысіць прэстыж прафесіі педагога?

«Павышэнне прэстыжу прафесіі педагога заўсёды заставалася прыярытэтным напрамкам у дзейнасці галіновага прафсаюза», — падкрэсліў на сумеснай з Міністэрствам адукацыі калегіі старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА. — Мы імкнёмся да таго, каб кожны разумеў: яго праца і прафесіяналізм будуць годна ацэненыя. На рэалізацыю гэтай задачы накіравана і пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі. Мы ўдзячныя нашаму сацыяльнаму партнёру за канструктыўны падыход і разумеем, што магчымасці галіны — не бязмежныя, таму шэраг праблемных пытанняў яшчэ чакае свайго вырашэння. Менавіта на іх і будуць сканцэнтраваныя нашы намаганні». Тэкст - Надзея Нікалаева, газета "Звязда".
 
Болевыя кропкі
 
«Жорсткая партнёрская работа», — менавіта так ахарактарызаваў дзелавыя стасункі з галіновым прафсаюзам намеснік міністра адукацыі Сяргей РУДЫ. «Наша сумесная праца складная і адказная. Тым больш што мы пастаянна маем цэлы набор прапаноў ад нашага прафсаюза», — адзначыў ён.
 
Летась у цэнтры агульнай увагі знаходзіліся пытанні, якія датычацца арганізацыі і нармавання працы педагагічных работнікаў; аплаты працы асобных катэгорый работнікаў, у тым ліку тых, што задзейнічаны ў арганізацыі падвозу навучэнцаў; работнікаў, што накіроўваюцца на работу ў аздараўленчыя арганізацыі.
 
На парадку дня былі пытанні прафесійнага пенсійнага страхавання педагагічных работнікаў, унясення змяненняў у кваліфікацыйныя характарыстыкі асобных пасад работнікаў адукацыі, распрацоўкі механізма накіравання вызваленых у выніку аптымізацыі фінансавых сродкаў на патрэбы галіны.
 
Але спачатку некалькі лічбаў. Сярэднямесячная заработная плата ў адукацыі за студзень — снежань 2017 года склала 557,7 рубля, у тым ліку ў педагагічных работнікаў 632,4 рубля, у настаўнікаў 673,5 рубля, прафесарска-выкладчыцкага складу 987,6 рубля. Памеры вучэбных стыпендый вагаліся ад 51,85 рубля (мінімальная) да 99,33 рубля (максімальная). У адносінах да бюджэту пражытковага мінімуму мінімальная стыпендыя склала толькі 27 %, максімальная — 51,6 %. Для параўнання: у 2013 годзе гэтыя суадносіны складалі адпаведна 40 % і 76 %. Таксама працягваецца тэндэнцыя зніжэння тэмпаў росту памеру тарыфнай стаўкі першага разраду ў адносінах да бюджэту пражытковага мінімуму.
 
— Перагляд тарыфнай стаўкі першага разраду з улікам змянення памеру мінімальнай заработнай платы застаецца надзвычай актуальным. ЦК прафсаюза неаднаразова накіроўваў прапановы ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі па пытаннях ажыццяўлення даплат да ўзроўню мінімальнай заработнай платы работнікам галіны, у якіх налічаная заработная плата ніжэйшая за памер мінімальнай заработнай платы. Гэта датычыцца як прадстаўнікоў рабочых прафесій, так і кваліфікаваных спецыялістаў, — паведаміў Аляксандр Бойка. — Работнікі, якія тарыфікуюцца па адным і тым жа разрадзе, маюць аднолькавы працоўны стаж, але розныя памеры прэміі ў адпаведнасці з іх асабістым укладам у вынікі працы, атрымліваюць па факце з улікам даплат аднолькавы заробак у памеры мінімальнай заработнай платы. Нізкі ўзровень заработнай платы работнікаў галіны з'яўляецца асноўнай праблемай, якая пастаянна ўзнімаецца на сумесных пасяджэннях прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Міністэрства адукацыі.
 
 
Хто наступны?
 
Летась міністэрствам і прафсаюзам сумесна прапрацоўвалася магчымасць удасканалення сістэмы аплаты працы прафесарска-выкладчыцкага складу. «Апошняе павышэнне заробкаў у вышэйшай школе праводзілася ў студзені 2012 года і закранала яно выкладчыкаў ВНУ, якія не маюць вучоных ступеняў і званняў. Таму важным дасягненнем з'яўляецца павышэнне з 1 снежня 2017 года тарыфных ставак прафесарска-выкладчыцкаму складу на 30 %», — падкрэсліў Аляксандр Бойка.
 
— У 2018 годзе ў мэтах выканання даручэнняў Прэзідэнта, дадзеных ім на Рэспубліканскім педагагічным савеце, міністэрства працягне работу над пытаннем павышэння заработнай платы педработнікам устаноў адукацыі ўсіх узроўняў, — запэўніў Сяргей Руды. — Саветам Міністраў даручана распрацаваць і ўнесці адпаведныя прапановы па дашкольнай адукацыі. Акрамя таго, па даручэнні Прэзідэнта створана рабочая група пад кіраўніцтвам рэктара БДЭУ Уладзіміра Шымава, якая павінна распрацаваць і ўнесці на разгляд кіраўніка дзяржавы свае прапановы па ўдасканаленні аплаты працы прафесарска-выкладчыцкага складу, павышэнні зацікаўленасці ў выніках педагагічнай і навуковай дзейнасці.
 
Сяргей Руды і Аляксандр Бойка паведамілі, што зараз ідзе работа над праектам Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый» і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый».
 
— Прадстаўленыя праекты спрашчаюць механізм разліку заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы, але выклікаюць занепакоенасць у плане меркаванай адмены дэкрэтаў і ўказаў па дадатковых мерах стымулявання працы работнікаў, якія знаходзяцца на кантрактнай форме найму, па асобных катэгорыях маладых спецыялістаў, губляюцца даплаты за вучоныя ступені і званні. Мы лічым, што гэтыя праекты патрабуюць тлумачэнняў і руплівай дапрацоўкі, — агучыў пазіцыю галіновага прафсаюза Аляксандр Бойка.
 
Спрашчэнне атэстацыі
 
Варта нагадаць, што ў студзені мінулага года ўрад прыняў рашэнне, згодна з якім маладым спецыялістам з катэгорыі педагагічных работнікаў, якія ўжо адпрацавалі па размеркаванні два гады, але працягваюць працаваць у гэтай жа ўстанове адукацыі, яшчэ на год была падоўжана выплата даплаты ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду. Зроблена гэта было для таго, каб не дапусціць зніжэння заробкаў у маладых спецыялістаў і іх адтоку з устаноў адукацыі. Захаванне даплаты яшчэ на адзін год дае магчымасць маладым педагогам прайсці атэстацыю для атрымання другой кваліфікацыйнай катэгорыі.
 
Яшчэ адзін важны, на думку кіраўніцтва міністэрства і прафсаюза, крок — унясенне змяненняў у Інструкцыю аб атэстацыі педагагічных работнікаў. У прыватнасці, быў адменены абавязак пацвярджаць прысвоеную больш як пяць гадоў назад вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і катэгорыю «настаўнік-метадыст». Быў пашыраны пералік педагагічных работнікаў, якія дапускаюцца да атэстацыі на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі без уліку стажу работы на пасадзе. Пашыраны паўнамоцтвы начальнікаў упраўленняў адукацыі абласных выканаўчых камітэтаў і старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Яны атрымалі права даваць згоду на допуск педагагічных работнікаў да атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі без уліку прысвоенай раней кваліфікацыйнай катэгорыі або стажу работы на пасадзе. Раней для гэтага патрабавалася згода міністра.
 
— Мы ведаем, што ўнясенне змяненняў у інструкцыю ўлічыла меркаванне асноўнай масы педагогаў, — пакрэсліў Сяргей Руды. — Заўвагі і прапановы ЦК прафсаюза таксама былі ўлічаны.
 
Намеснік міністра адукацыі паведаміў, што пачынаючы з 2015 года ў краіне рэалізуецца пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў адукацыі. Яго мэта — забеспячэнне празрыстасці і справядлівасці размеркавання бюджэтных сродкаў.
 
У 2017 годзе ім былі ахоплены 642 установы агульнай сярэдняй і 94 установы дашкольнай адукацыі. З 1 студзеня 2019 года на нарматыўнае фінансаванне павінна перайсці ўся сістэма агульнай сярэдняй адукацыі, з 1 студзеня 2020 года — сістэма дашкольнай адукацыі, а ў 2021 годзе — прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя.
 
— Падчас рэалізацыі пілотнага праекта намеціліся як станоўчыя тэндэнцыі, так і праблемныя моманты, — канстатаваў Сяргей Руды. — Таму мы просім прафсаюз: уносьце разумныя прапановы па карэкціроўцы падыходаў, звязаных з нарматыўным фінансаваннем.
 
Увага — калектыўнаму дагавору
 
Аляксандр Бойка лічыць удзел у інфармацыйных праектах Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, выступленні ў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ найважнейшай задачай дзейнасці галіновага прафсаюза.
 
— Трэба больш актыўна выкарыстоўваць для падняцця прэстыжу работнікаў галіны тэлевізійныя праекты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, — адзначае ён. — На пастаяннай аснове на беларускім тэлебачанні выходзяць дзве прафсаюзныя праграмы — «Народная раніца» і «Адкрытая размова». Галоўны герой «Народнай раніцы» — звычайны чалавек працы: настаўнік, вучоны, будаўнік. Ім можа стаць кожны. Летась героямі перадачы сталі два прадстаўнікі сістэмы адукацыі: дырэктар ашмянскай школы № 1 Міхаіл Мар'янавіч Гружэўскі і дырэктар віцебскай гімназіі № 1 Валянціна Трафімаўна Шырокава.
 
Тэлевізійны праект ФПБ і канала СТВ перадача «Адкрытая размова» выходзіць штотыдзень і закліканы прадэманстраваць, як прафсаюзы дапамагаюць грамадзянам вырашаць іх рабочыя пытанні: наймальнік не працягнуў кантракт, не выплачвае кампенсацыю за траўму... У мінулым годзе з удзелам прадстаўнікоў прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі выйшлі ў эфір чатыры выпускі перадачы, у якіх абмяркоўваліся тэмы працаўладкавання падлеткаў, падрыхтоўкі дзіцячых аздараўленчых лагераў, работы студэнцкіх прафкамаў, аказання дабрачыннай дапамогі.
 
Між іншым, у 2017 годзе ў арганізацыйныя структуры прафсаюза паступіла больш за 63 тысячы зваротаў ад яго членаў. Аналіз паказаў, што найбольш тыповыя парушэнні заканадаўства аб працы адбываюцца пры звальненні работнікаў па ініцыятыве наймальнікаў; пры заключэнні, падаўжэнні і скасаванні кантрактаў; прымяненні мер дысцыплінарнага спагнання; заключэнні калектыўных дагавораў; аплаце і матэрыяльным стымуляванні працы.
 
Па стане на 1 студзеня гэтага года ў галіне адукацыі было заключана 6878 калектыўных дагавораў. Летась Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі правёў Рэспубліканскі конкурс на найлепшы калектыўны дагавор (пагадненне). Перамагла ў ім сталічная сярэдняя школа № 51. У ЦК прафсаюза разглядаюць калектыўны дагавор як крыніцу дадатковых для работнікаў сферы адукацыі сацыяльных ільгот і гарантый, таму і ўдзяляюць яму такую вялікую ўвагу.
 
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА