Кожны настаўнік часта задаецца пытаннем: «Як правесці мерапрыемства так, каб яно было яркім, займальным і карысным для дзіцяці?» Адказ знайшоўся ў Таццяны Фадзінай, намесніка дырэктара, і Сяргея Фадзіна, настаўніка фізікі СШ №26 г.Гродна. Адукатары зрабілі адукацыйны квэст «Да прыбудзе з вамі сіла», які не пакіне абыякавым ніводнага вучня. Тут спатрэбяцца веды ў комплексе – і гісторыі, і беларускай літаратуры, і геаграфіі, і англійскай, і рускай мовы, і матэматыкі. Узрост удзельнікаў ад 14 гадоў, а ў адной камандзе могуць гуляць да 5 чалавек.
Чым фармат квэста карысны настаўніку? У працэсе яго праходжання школьнікі даведаюцца шмат новага і цікавага, гэтая гульня дапамагае ўцягнуць у адукацыйны працэс вучняў са слабай паспяховасцю і з'яўляецца ўніверсальным інструментам для рэалізацыі індывідуальнага падыхода.
У адукацыйным квэсце навучэнцы набываюць навыкі самаарганізацыі і групавой працы. І, нарэшце, квэставыя заданні спрыяюць развіццю ў дзіцяці нестандартнага мыслення, логікі і крэатыўнасці.
Як арганізаваць квэст у сваім класе, чытайце ў «метадычцы» ад Таццяны і Сяргея Фадзіных. Тут прыклад сцэнара, заданняў і алгарытму праходжання загадак.