Калі прагучаць апошнія званкі і адшумяць выпускныя вечары?

30.03.2018
Міністэрства адукацыі вызначылася з датамі правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў, звязаных з заканчэннем навучальнага года, і выпускнымі экзаменамі. Апошнія званкі для вучняў 9-х і 11-х класаў прагучаць у гэтым годзе 30 мая. А вучэбны год для ўсіх школьнікаў завяршаецца 31 мая. Выпускныя вечары для адзінаццацікласнікаў Міністэрства адукацыі рэкамендуе правесці 9—10 чэрвеня 2018 года. Пра гэта піша газета "Звязда". 
 
 
3 1 па 9 червеня ў школах пройдуць выпускныя экзамены на ІІ і ІІІ ступенях навучання.
 
Выпускнікі 11-х класаў будуць здаваць чатыры абавязковыя экзамены. Пісьмовыя іспыты па рускай або беларускай мове (па выбары) і матэматыцы пройдуць 1, 4 і 6 чэрвеня 2018 года. Тэксты і заданні для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме будуць аб'яўляцца праз сродкі масавай інфармацыі, а таксама размяшчацца на партале Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Навучэнцы сярэдніх школ, у якіх было арганізавана вывучэнне гэтых прадметаў на павышаным узроўні, будуць пісаць пераказ і экзаменацыйную работу па матэматыцы па розных заданнях і тэкстах. Акрамя таго, адзінаццацікласнікам трэба будзе здаць экзамен па замежнай мове і гісторыі Беларусі.
Пасля заканчэння базавай школы вучні будуць здаваць тры экзамены: беларускую мову (дыктоўку), рускую мову (дыктоўку) і матэматыку (пісьмова). Даты правядзення пісьмовых экзаменаў— 2, 5 і 7 чэрвеня.
 
Ва ўстановах адукацыі, дзе навучанне і выхаванне вядзецца на польскай і літоўскай мовах, для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў праводзяцца выпускныя экзамены ў пісьмовай форме па мове нацыянальнай меншасці: 24 мая — у 9-х класах і 25 мая — у 11-х класах.
 
 
Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пры правядзенні выпускных экзаменаў у пісьмовай форме (за выключэннем выпускнога іспыту па матэматыцы) у класах інтэграванага навучання і выхавання ствараюцца дзве экзаменацыйныя камісіі і выдзяляюцца два асобныя памяшканні для правядзення выпускных экзаменаў.
 
Праграмы ўступных іспытаў ва ўстановы адукацыі для атрымання вышэйшай адукацыі І ступені і (або) сярэдняй спецыяльнай адукацыі на 2018 год можна знайсці на сайце Міністэрства адукацыі ў раздзеле “Агульная сярэдняя адукацыя” (падраздзел “Заканчэнне 2017/2018 навучальнага года”).
 
Трэба звярнуць увагу, што пастановай Міністэрства адукацыі ад 8 чэрвеня 2017 года ўносіліся змяненні ў  бланкі пасведчанняў аб агульнай базавай адукацыі, бланкі атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі, у Інструкцыю аб парадку запаўнення дакументаў аб адукацыі, дакументаў аб навучанні, выдачы залатога і  сярэбранага медалёў.
 
У прыватнасці, у дакументах аб агульнай сярэдняй адукацыі ў графе “сярэдні бал” атэстата пішацца сярэдні бал атэстата, які вызначаецца па дзесяцібальнай шкале (з дакладнасцю да дзясятых доляў адзiнкi). Сярэдні бал атэстата падлічваецца наступным чынам: суміруюцца адзнакі, выстаўленыя ў балах па вучэбных прадметах, і атрыманая сума балаў дзеліцца на колькасць вучэбных прадметаў, па якіх выстаўлены адзнакі ў балах. У даведку аб навучанні ўносяцца найменнi навучальных прадметаў і вынікі атэстацыі за адпаведны перыяд навучання.
 
Персанальная адказнасць за правільнасць падліку сярэдняга бала дакумента аб агульнай сярэдняй адукацыі ўскладаецца на кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Надзея НІКАЛАЕВА