Надзея Нікалаева, газета "Звязда"
У 10-ых класах школ з’явяцца шэсць гадзін “Працоўнага навучання” на тыдні. Колькасць урокаў замежнай мовы ў гімназіях не зменшыцца. А на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі ўстанаўліваецца аднолькавая колькасць гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моў.
Міністэрства адукацыі зацвердзіла тыпавыя навучальныя планы на 2018/2019 навучальны год для ўсіх відаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з якімі можна азнаёміцца на партале ведамства ў раздзеле “Агульная сярэдняя адукацыя” / “Да пачатку 2018/2019 навучальнага года”.
У каментарыі да Пастановы міністэрства адзначаецца, што цяпер магчымасць вывучаць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні будзе як у сярэдніх школах, так і ў гімназіях.
Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі могуць стварацца класы (групы) з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі.
У V-VII класах гімназій захавана колькасць вучэбных гадзін на вывучэнне замежнай мовы (5 гадзін у тыдзень). У такім жа абёме вывучаць замежную мову можна ў V-VII класах базавых і сярэдніх школ.
У 8-м класе і гімназіі, і школы таксама могуць праводзіць 5 урокаў замежнай мовы. Акрамя таго, у 8-м класе навучэнцы і гімназій, і школ могуць вывучаць на павышаным узроўні і любы іншы прадмет або некалькі вучэбных прадметаў. Колькасць гадзін на іх вывучэнне будзе вызначаецца кіраўніком установы, зыходзячы з кадравага забеспячэння, стану вучэбна-матэрыяльнай базы, пажаданняў вучняў і іх законных прадстаўнікоў.
Яшчэ адной адметнай асаблівасцю тыпавога вучэбнага плана на наступны навучальны год з'яўляецца ўвядзенне ў 10-м класе школ прадмета “Працоўнае навучанне”. Раней вывучэнне гэтай дысцыпліны завяршалася ў 9-м класе. З 1 верасня ў рамках дадзенага вучэбнага прадмета дзесяцікласнікі будуць атрымліваць прафесійныя навыкі, асвойваючы адукацыйную праграму прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у аб'ёме 6 гадзін у тыдзень.
У гімназіях і профільных класах у дзесяцікласнікаў “Працоўнага навучання” не будзе.
Рэалізацыя адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі будзе ажыццяўляцца ў рамках шостага школьнага дня.