Ліпень, 2018г. (Паводле прэсы)
Падчас апошняга перапісу насельніцтва (2009 год) роднай мовай беларускую назвалі 53,2% насельніцтва краіны. Асноўнай мовай зносінаў 70% назвалі расійскую. У Беларусі жыве 140 нацыянальнасцяў і народнасцяў, і многія з іх роднай мовай лічаць менавіта нацыянальную — украінскую, расійскую, літоўскую, польскую. Ці есць у Беларусі магчымасць вучыцца на роднай мове?
1. На беларускай мове вучыцца 13,3% дзяцей
Паводле афіцыйнай статыстыкі, беларускамоўных школаў у краіне 46,6%, але бальшыня ў сельскай мясцовасці. Паводле афіцыйнай статыстыкі, апублікаванай на сайце Міністэрства адукацыі, у 2016/2017 навучальным годзе ў 1–11-х класах школ Беларусі навучалася прыкладна 967 тысяч дзяцей, з іх 128,6 тысячы (13,3%) — на беларускай мове.
2. У сталіцы Беларусі 7 беларускамоўных школ і гімназій
- Гімназія № 4 (вуліца Кунцаўшчына, 18 — Фрунзенскі раён)
- Гімназія № 9 (вуліца Сядых, 10 — Першамайскі раён)
- Гімназія № 14 (вуліца Васняцова, 10 — Заводзкі раён)
- Гімназія № 23 (праспект Незалежнасці, 45 — Савецкі раён)
- Гімназія № 28 (праспект Ракасоўскага, 93 — Ленінскі раён)
- Сярэдняя школа № 60 (вуліца Карла Лібкнехта, 82 — Маскоўскі раён)
- Сярэдняя школа № 190 (вуліца Нікіфарава, 19 — Першамайскі раён)
3. У абласных гарадах няма ніводнай беларускамоўнай школы
У некаторых абласных цэнтрах (Магілёве, Горадні) есць толькі малакамплектныя беларускамоўныя класы.
4. Толькі ў двух са 118 раённых гарадоў есць беларускамоўныя гімназія і школа
Пры барысаўскай беларускамоўнай гімназіі № 2 існуе пачатковая школа, навучанне ў якой таксама вядзецца на беларускай мове. У гімназіі дзейнічаюць студыі «Гліняная цацка», «Саламяны цуд», «Бісерапляценне», паперапластыкі і мяккай цацкі.
У Янаве Берасцейскай вобласці цалкам беларускамоўная сярэдняя школа № 4. Працуе яна ад 1990 году. Раней у актавай залі СШ № 4 знаходзілася арыгінальнае пано з харугвамі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Але некалькі гадоў таму яго знішчылі.
5. Некаторыя беларускамоўныя школы перайшлі або на змяшанае, або на рускамоўнае выкладанне
Так, Глыбоцкая СШ № 3 раней была беларускамоўная, але з 2006 году яна стала двухмоўнай. А знакамітая Навагрудская гімназія № 1, у якой некалі вучыўся і выкладаў Барыс Кіт, стала цалкам рускамоўнай.
Навагрудскую беларускамоўную гімназію № 1 адкрылі ў 1919 годзе. Спачатку яна не мела свайго будынка, заняткі праходзілі ў габрэйскай школе. Дапамагалі ўзводзіць адмысловы будынак бацькі вучняў. Працавала беларускамоўная гімназія і пад нямецкай акупацыяй. Яе выпускнікі — Барыс Кіт, Леанід Барысаглебскі, Леў Гарошка, Язэп Сажыч, Уладзімір Сіўко, Міхась Рагуля, Барыс Рагуля, Уладзімір Набагез, Барыс Сладоўскі.
Цяпер Навагрудская сярэдняя школа № 1 — цалкам рускамоўная.
6. Гісторыя і геаграфія Беларусі выкладаюцца па-руску
Некалі ў рускамоўных школах Беларусі прадметы «Гісторыя Беларусі» і «Геаграфія Беларусі» выкладаліся па-беларуску, але ад 2006/2007 навучальнага году іх перавялі на расійскую мову.
7. У Беларусі дзве школы з польскай мовай навучання
Гэта сярэдняя школа № 36 у Горадні і сярэдняя школа № 8 у Ваўкавыску. Абедзве пабудаваныя на польскія грошы. У ваўкавыскай школе з польскай мовай навучання вучацца 240 дзяцей.
8. У Беларусі дзве літоўскія школы
Школы з літоўскай мовай навучання месцяцца ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёну і вёсцы Пялеса Воранаўскага раёну. Літоўская школа ў Рымдзюнах працуе з 1996 году. Таксама ў Рымдзюнах есць літоўскі дзіцячы садок.
Літоўскія і польскія школы знаходзяцца ў Гарадзенскай вобласці.