Прапануем відэазапіс майстар-класа Змітра Макарчука, а таксама артыкул з газеты Звязда, прысвечаны ідэям маладых педагогаў, выказаных падчас Edcamp Belarus 2018.
Джон Хэці пацвердзіў моцнае ўздзеянне на паспяховасць школьніка сацыяльна-эканамічнага статусу сям'і, дамашняга асяроддзя і ўцягнутасці бацькоў у вучобу дзяцей. На думку даследчыка, уплыў сям'і мог быць нашмат большы, калі б бацькі ўмелі размаўляць з дзецьмі «на мове педагогікі». Вопыт самога Хэці паказвае, што засваенне мовы педагогікі і ўключэнне бацькоў у школьнае жыццё прыносяць плён.
Да гэтай жа думкі прыйшоў і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ліцэя БДУ Зміцер МАКАРЧУК. Але як знайсці з бацькамі агульную мову? Асабліва калі ты малады педагог і, не маючы ўласных дзяцей, яшчэ не можаш быць аўтарытэтам у пытаннях выхавання?
Зміцер МАКАРЧУК: «Дзякуючы кінаклубу мы навучыліся давяраць адно аднаму і ўсё абмяркоўваць».
— Уявіце сабе сітуацыю: мне 23—24 гады і я кажу людзям, старэйшым за мяне: «Зараз я навучу вас, як выхоўваць вашых дзяцей!» У адказ можна было пачуць усё што заўгодна. Але я цудоўна разумею, што паводзіны, манеры і ўстаноўкі бацькоў перадаюцца дзецям. І перш чым працаваць над матывацыяй дзяцей, трэба працаваць над матывацыяй іх бацькоў. Таму я вырашыў наладжваць масты праз «Бацькоўскі кінаклуб». Патрабавалася пэўная доля нахабства і самаўпэўненасці (давайце назавём іх харызмай), каб увасобіць сваю задуму ў жыццё. Я пачынаў работу кінаклуба ў школе ў гарадскім пасёлку, а цяпер працягваю свой досвед у Ліцэі БДУ. Канешне, калі прызначыць у сельскай школе сустрэчу з бацькамі, скажам, у сераду ў верасні, то ў вас не будзе аніякіх шанцаў. Але адкуль гэта мог ведаць малады хлопец, які 24 гады пражыў у горадзе? — усміхаецца Зміцер. — У вёсцы час для пасяджэнняў кінаклуба — гэта канец лістапада — пачатак сакавіка. А вось у горадзе мы змаглі за навучальны год праглядзець і абмеркаваць прыблізна дзесяць фільмаў. Звычайна я прапаную разам з дзецьмі паглядзець дома пэўную кінастужку. Не чарговы бандыцкі серыял, а добры мастацкі фільм. Гэта зойме паўтары-дзве гадзіны і аб'яднае сям'ю.
Кіно — мастацтва, даступнае кожнаму, але яго таксама трэба ўмець «чытаць». Кнігу можна проста прагартаць, прапусціць тое, што табе нецікава. Калі мне дзеці кажуць: «А навошта мне чытаць «Вайну і мір», калі можна прачытаць кароткі пераказ рамана на чатырох старонках?», я ім адказваю: «Калі б Леў Мікалаевіч хацеў нам штосьці сказаць на чатырох старонках, то ён бы так і зрабіў, бо ў яго ёсць і аповесці, і невялікія апавяданні». Рэжысёр можа здымаць дзесяць гадзін, а на экране застануцца ўсяго паўтары хвілінкі ад знятага матэрыялу. І тут мае значэнне ўсё: кожны рух, кожны позірк. Мы разбіраемся, чаму адзін герой мае імя, а другі застаецца безыменным, чаму той ці іншы персанаж з'яўляецца менавіта ў гэты момант? Чаму толькі адзін раз? У мяне ёсць спіс пытанняў і нарэзка фрагментаў з гэтага фільма — урыўкі па 30—45 секундаў, на якія я хацеў бы звярнуць асаблівую ўвагу. І толькі напрыканцы мы разважаем, а пра што гэты фільм насамрэч?
Зміцер заўважыў, што незалежна ад таго, дзе размешчана школа (у невялікім пасёлку, у раённым цэнтры або ў сталіцы), колькасць зацікаўленых бацькоў у класе заўсёды аднолькавая — прыкладна 45—50 працэнтаў.
— Маёй першапачатковай мэтай было паўплываць на матывацыю дзяцей, але ўва што ўсё гэта выльецца, я не мог прадбачыць, — прызнаецца ён. — Матывацыя аказалася толькі маленечкай дробяззю... Усе прызвычаіліся, што ў школу трэба ісці, каб паслухаць пра сваіх дзяцей, здаць грошы ці выправіць адзнаку... А тут настаўнік хоча, каб мы з ім нешта абмяркоўвалі, як сябры. Няўжо настаўнік можа быць сябрам? Я не чакаў, што можна выйсці на такі ўзровень даверу паміж педагогам і бацькамі! Цяпер, калі ўзнікаюць пытанні з выхаваннем дзяцей, бацькі прыходзяць да мяне і мы разам разважаем, што з гэтым рабіць. І ў гэтым галоўная каштоўнасць кінаклуба. У мяне няма правільнага адказу, я не рэжысёр... Значыць, аўтаматычна ўсе адказы ў аўдыторыі становяцца правільнымі. А ў выхаванні хіба не так? Бацькі сталі маімі паплечнікамі...
Пачуць адно аднаго
— Як часта здараецца? Бацькоў «загрузілі» ў школе, а тыя прыйшлі і выплюхнулі ўсё гэта на сваё дзіця. У нас жа не вучаць быць бацькамі... Для таго каб кіраваць аўтамабілем, я павінен здаць экзамен, а для бацькоўства нічога не трэба, — канстатуе Зміцер Макарчук. — Звычайная ўстаноўка — «Я нарадзіў, значыць, я маю права». Акрамя фізічнай бяспекі, ёсць яшчэ маральна-эмацыянальная бяспека, таму што ёсць маральна-эмацыянальны гвалт. Дык вось, некаторыя бацькі ідуць на бацькоўскія сходы і рыхтуюцца, што іх будуць «гвалціць»: не здалі грошы, дзе нам узяць мэблю, тэлевізар, як адрамантаваць кабінет і гэтак далей. А на кінаклубе пануе абсалютная бяспека. Яны ведаюць, што мы проста будзем абмяркоўваць творы мастацтва. Ці хочуць бацькі чаму-небудзь навучыцца? Паверце — хочуць!
Але калі мы абмяркоўваем з бацькамі фільмы, я вучу іх не аналізаваць, а менавіта абмяркоўваць. Калі павышаецца лаяльнасць да інстытута школы ўвогуле, павышаецца і лаяльнасць да прадмета, які я выкладаю. Беларуская мова — адзін з найважнейшых элементаў сістэмы. Яны чуюць яе ад мяне пастаянна і разумеюць, што яна зусім не вясковая і не няшчасная. На беларускую мову перакладзены кінашэдэўры.
Ці прапаноўвалі мне бацькі і дзеці штосьці паглядзець? Сапраўдным адкрыццём стаў для мяне індыйскі фільм 2016 года «Дангал» — дзве з паловай гадзіны абсалютна геніяльнага мастацтва. Дзеці прапанавалі фільм «Маленькая міс Шчасце». Дзеці ўвогуле выказваюць такія цікавыя думкі! Яны звяртаюць увагу на моманты, якія дарослыя не заўважаюць. Дзякуючы кінаклубу мы навучыліся давяраць адно аднаму, камунікаваць, збірацца разам. Гэта ўніверсальны камунікатыўны інструмент. Калі я хачу прыняць рашэнне, я магу прыняць яго сам, а магу вынесці на абмеркаванне. Так, гэта займае больш часу, але, калі мы хочам навучыць дзяцей абмяркоўваць, трэба ўвесь час з імі абмяркоўваць. Усё так проста і так складана адначасова.
Камунікацыя патрабуе шмат уменняў: не толькі гаварыць, але і слухаць. Я абавязкова звяртаю ўвагу на педагагічныя і псіхалагічныя моманты. Калі маці крычыць на сына, чаму яна гэта робіць? Звяртаю ўвагу на моманты, важныя для стасункаў бацькоў са сваімі дзецьмі. Ці чуюць яны адно аднаго? Увогуле, я ўпэўнены, што кожны чалавек, з якім мы сустрэліся, кожны фільм, які мы паглядзелі,
уплываюць на нас: так уладкавана жыццё. Як адгукнецца мой кінаклуб праз 5-10 гадоў, я пакуль не ведаю, але перакананы, што гэты час не страчаны для ўсіх дарэмна...
Спіс фільмаў, якія Зміцер Макарчук рэкамендуе для абмеркавання з бацькамі і вучнямі:
- Харысты
- Імператарскі клуб
- Таварыства Мёртвых Паэтаў
- Форэст Гамп
- Жудасна гучна і неймаверна блізка
- Дзіўнае жыццё Цімаці Грына
- Вучылка
- Перад класам
- Географ глобус прапіў
- Цацка
- Выкрадальніца кніг
- Галаваломка
- Дангал
- Маленькая Міс Шчасце
- Усмешка Мона Лізы (2003 год)
- Білі Эліёт
- Разумнік Уіл Ханцінг
- Пісьменнікі свабоды
- Гісторыя Рона Кларка
- Апантанасць (2014 год)
- Небяспечныя думкі
- Дажывем да панядзелка
- Пудзіла
Надзея НІКАЛАЕВА, газета ЗВЯЗДА
Віда з іншых майстар-класаў Edcamp Belarus-2018 тут