Відэаблогеры пра гісторыю Беларусі ці чаму правіла 6"С"+1"Г" не працуе.

Каб прыцягнуць большую аўдыторыю да свайго медыя і, адпаведна, атрымаць большыя сродкі ад рэкламадаўцаў, СМІ карыстаюцца правілам 6"С"+1"Г"
Гэта значыць, адбіраюць навіны, дзе ёсць Скандалы, Сенсацыі, Страх, Сэкс, Смерць, Смех і Грошы. Менавіта эмоцыі, а не інфармацыя больш прыцягваюць увагу і прыносяць дывідэнды ўласнікам СМІ. Для апісання гэтай з'явы, калі чалавек шукае ў медыя не праўды, а пацверджання сваіх уяўленняў і перакананняў,  з'явілася адмысловае слова - "постпраўда".  І гэтае слова ў 2016 годзе стала словам года. 
Журналісты адбіраюць навіны згодна з правілам  6"С"+1"Г". Менавіта таму навіны ў апошні час сталі "таксічнымі" - эмоцыі ў іх зашкальваюць.
 
Беларуская медыяпрастора асаблівая. Нацыянальныя ТВ-каналы існуюць на расійскіх тэлесетках і бяруць з іх 65% зместу. Беларусы дагэтуль вымушана жывуць у расійскім інфармацыйным полі, у якім самалёты падаюць, нанятыя сведкі распавядаюць пра "распятых хлопчыкаў", раскручаныя "сэлебрыці" гатовыя хаміць, мацюкацца і распранацца проста ў прамым эфіры.  
 
Здаецца, што выйсця няма. Аднак, бонусы інфармацыйнага грамадства пачалі выкарыстоўваць вучні. І тут адбываюцца неверагодныя рэчы. 
Беларускія блогеры ўмеюць завалодаць аудыторыяй, ігнаруючы правіла 6"С"+1"Г".  І тэма, якая прыцягвае ўвагу мацней за хайпы і скандалы - гэта гісторыя і падзеі ў Беларусі. 
 
Узгадаем хаця б блогера "Нехта", які стварыў свой канал у школьныя часы і меў колькасць праглядаў, якая не снілася БТ.   Яго выпускі альтэрнатыўных навін з Беларусі і вось гэты ролік пра ўчынак беларускай спартсменкі, зрабілі з яго зорку і цяпер Сцёпа Пуціла мае ўласную праграму.   

А вось яшчэ відэаблог зоркі анімацыі, якая толькі ўзыходзіць. Няма сумневаў, што ў гэтага хлопчыка з Івацэвічаў вялікі талент. 

Хіба магчыма было прагназаваць, што тэма гісторыі Беларусі, выкананая з дапамогай аматарскай анімацыі, прыцягне ўвагу трох з паловай мільёнаў (!) гледачоў?! 
А яго мультсерыял-фэнтазі пра краіны-мячыкі чакаюць сотні тысяч падпісчыкаў. 
"Проста гісторыя і геаграфія - мае любімыя прадметы" - кажа 17-гадовы Арцём пра сакрэт свайго поспеху.