Праект "Вялікая місія маленькай Ядзвігі" - гэта задзіночанне бацькоў, якія хочуць забяспечыць дзецям магчымасць атрымліваць якасную дашкольную адукацыю на беларускай мове.
Каманда праекту – Яўген і Саша Бойка разам з Інай Мудрачэнка – маюць на мэце не толькі забеспячэнне групы ўсім неабходным для паўнавартаснага навучання (чытанкі, дзіцячыя энцыклапедыі, настольныя гульні і інш.), але і стварэнне агульнай пляцоўкі зацікаўленых у беларускамоўнай дашкольнай адукацыі і выпрацоўку супольнай стратэгіі пашырэння беларускай мовы у дзіцячых садках. Пры гэтым арганізатары не намагаюцца стварыць у садку выключна беларускамоўнае асяроддзе і лічаць, што неабходна захоўваць баланс дзвюх моў. “У навучанні і камунікацыі беларуская мова мае быць у 50%” – сцвярджае каманда праекту.
Чатырохгатовая Ядзвіся - дачка Іны - была адзінай цалкам беларускамоўнай дзяўчынкай у групе. "Спачатку мовы было вобмаль і Ядзя бянтэжылася сярод 20 астатніх дзетак" - кажа Іна. Тады Яздя з мамай прыдумалі гульню - дарыць дзеткам адно за адным беларускія словы. Такой была місія маленькай Ядзвігі.
Неўзабаве да групы далучыліся яшчэ некалькі беларускамоўных сямей, а выхавацелька загаварыла па-беларуску.
Іна, Яўген і Саша плануюць 2 крокі для дасягнення сваіх мэтаў:
- Набыццё кніг, абсталявання і гульняў для групы - чытанкі, дзіцячыя энцыклапедыі, кнігі беларускіх і замежных аўтараў, настольныя гульні і інш.
- Арганізацыя стратэгічнага форуму, удзельнікі якога змогуць планаваць беларускамоўную адукацыю для дзяцей. Час правядзення – пачатак лютага 2019 г.
Праект "Вялікая місія маленькай Ядзвігі" мае старонку на платформе “ulej.by”, дзе ўсе ахвотныя погуць падтрымаць яго дзейнасць. Каманда прапануе 6 варыянтаў унёскаў. Мінімальны ўнёсак – 6 BYN. Кожны данатар атрымае ад каманды ўзнагароджанне і будзе запрошаны на форум.
Каманда шануе дапамогу кожнага, хто гатовы натхняцца і дзейнічаць разам!
Больш інфармацыі пра праект "Вялікая місія маленькай Ядзвігі", унёскі і ўзнагароджанні можна знайсці тут.