З блогу Тамары Мацкевіч
Пасля суда над дырэктарам Пінскай школы № 18 і дзіўнага звальнення кіраўніцтва СШ №41 Магілёва настаўнікі пачалі выказваць крыўду на бацькоў: менавіта бацькі, прыдзірлівыя, бескультурныя, не займаюцца выхаваннем дзяцей, не цэняць намаганняў настаўнікаў-альтруістаў. Абураныя бацькі ў сваю чаргу пішуць скаргі і дабіваюцца звальнення настаўнікаў, якія перавышаюць свае паўнамоцтвы. Сітуацыя ў адукацыі апошнім часам вельмі напружаная. Тут не да жартаў. Давайце паспрабуем разабрацца, што ж адбываецца насамрэч, пакуль «тэрор не стаў вялікім».
Пазіцыя настаўніка
Пачнем з кейса[1]. Дзеці разам з настаўніцай паехалі на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць. Аказалася, што на поўдні Беларусі надвор’е цяплейшае, і адзін вучань вырашыў пакінуць куртку ў аўтобусе. Настаўніца тройчы папрасіла яго апрануць куртку, але той не паслухаўся. Дзеці, гуляючы па крэпасці, рабілі здымкі і вядома, выкладалі ў сеткі. Мама хлопчыка ўбачыла фота сына, апранутага не па сезоне, і адразу накатала скаргу на настаўніцу ў адрас абласнога адукацыйнага начальства. Што было далей – кожны настаўнік ведае. Мама заўсёды мае рацыю, а вінаваты – настаўнік.
У кожнай школе, у кожным класе падобных прыкладаў процьма. Настаўнікаў прымушаюць адказваць за выхаванне і паводзіны вучняў нават на канікулах. А калі бацькі пачынаюць пісаць скаргі, гэта заканчваецца ціскам на педагога. Шмат каго давялі да лякарні, інфарктаў, звальнення. Каму пашанцавала больш – абмежаваліся гіпертанічным крызам, пазбаўленнем прэміі ці спачуваннем дырэктара ў кулуарах без сведкаў пасля публічнай накачкі.
Запіска мамы з пагрозамі настаўніцы
На настаўніка навешалі столькі неўласцівых абавязкаў, што нагодай для ваджэння тварам аб стол можа быць любая зачэпка – ад невыканання плана збору макулатуры да няправільнага колеру вазонаў у класе. Быў бы чалавек, а артыкул адукацыйная ўлада знойдзе.
Але душыць жа настаўнікаў не сам міністр-камуніст – нашчадак ідэалогіі тых, хто кіраваў з дапамогай чырвонага тэрору, галадамору і рэпрэсій. І Сталін не сваімі рукамі забіў мільёны лепшых людзей краіны. Я назву артыкула пазычыла ў Ірыны Раманавай. Яна як навуковец-гісторык напісала артыкул пра тое, як сталінскі тэрор стаў вялікім. А вялікім ён стаў дзякуючы выканаўцам незаконных загадаў і тым, хто пісаў мільёны даносаў. Ну проста як сучасныя бацькі на настаўнікаў: нізкія адзнакі ў дзіцяці – данос, настаўніца не хоча займацца дадаткова з дзіцём у свой вольны час – данос, сын дома разбіў унітаз – таксама данос, што кепска выхавалі ў школе.
Але настаўнікаў жа тэрарызуюць не бацькі. У асноўным яны цярпяць ад школьнай адміністрацыі, якая рэагуе на скаргі бацькоў.
Школьная адміністрацыя
Разглядзім другі кейс.
Дырэктар школы, сам добры настаўнік з вялікім стажам (што становіцца рэдкасцю), уклаў у школу ўсю душу: зрабіў рамонт, выканаў усе паказчыкі і падаў усе справаздачы: і пра БРСМ, і пра алімпіяды. Вылузнуўся са скуры, каб яго лічылі сваім сярод раённай вертыкалі, што дае большыя прэферэнцыі педкалектыву і вучням. Ну, плата за гэта невялікая – выбары там забяспечыць, яшчэ якая дробязь. Затое ён чалавек сістэмы. І кіруе ён школай добра, не так, як новы прызначэнец у суседняй школе, які нават вышэйшай адукацыі не меў, калі пасаду атрымаў, – толькі радню, якая працуе «дзе паложана». Цяпер там жах жахлівы і для дзяцей, і для настаўнікаў.
І тут здараецца нейкі выпадак – зусім нязначны з першага погляду. Нецвярозы хуліган пранік у школу і ўчыніў бойку. Ці дырэктар даў пендзеля маладым неслухам, якія на ганку ледзь не раскалолі з такой цяжкасцю здабытую плітку. Але гэты выпадак трапляе ў публічную прастору, і дырэктара сістэма выкідае проста на вуліцу. Звальняе ці вымушае звольніцца разам з намеснікамі.
І ўжо няважна, правільна ці не паступіў дырэктар. Галоўнае – ён прыцягнуў увагу да сістэмы, а гэта небяспечна. «Деньги любят тишину», – сказаў рэстаратар Зайдэс абаронцам Курапатаў. Такія ж «паняцці» і ў мясцовай вертыкалі, якая баіцца публічнасці як чорт ладана. Некваліфікаванасць, слабасць і неэфектыўнасць сістэмы павінна быць скрытая ад народу.
А якое выйсце было ў дырэктара? Скажаце, паступіць па законе: не самаму разбірацца з хуліганамі, а выклікаць міліцыю? Гэта ж яшчэ больш небяспечна! Бо любое законнае дзеянне – выклік міліцыі, прыцягненне прэсы ці абарона працоўных правоў настаўніка – гэта сістэмай расцэньваецца як скандал. І тады ўжо 100% – ідзі папаўняй армію дармаедаў. А на тваё месца паставяць кіраўніка секцыі кік-боксінгу (цяпер мода на спартсменаў). І школе – гамон! Таму некаторыя дырэктары выбіраюць рукапрыкладства: а раптам пранясе і бацькі не напішуць скаргу. А іх, халера, не стрымаць апошнім часам. Яшчэ і сацыяльныя сеткі асвоілі.
Таму ўвайсці ў сістэму і стаць дырэктарам школы – гэта запаволенае самагубства. Гэта значыць сядзець і чакаць часу, калі цябе зліюць.
Бацькі
А што рабіць бацькам? Што ў школе дзяцей амаль не вучаць таму, што патрэбна ў жыцці, ды яшчэ маніпулююць адзнакамі, публічна прыніжаюць членствам ва ўсякіх БРСМах, піянерах, з якіх увесь свет смяецца, – паўбяды. Можна рэпетытара наняць і дома растлумачыць «лінію партыі». Але ж сістэма пачынае ціснуць на бацькоў праз дзяцей. Не маеш правільных поглядаў – запішам у „СОП“, а калі не супакоішся – адбяром дзіця. Узгадайце, як у садку не аддавалі Даніка Саннікава бабулі, калі маці і бацьку арыштавалі на Плошчы ў 2010 годзе. Ці як настаўніца 218-й школы сталіцы прыйшла да жонкі Алеся Лагвінца і запалохвала яе, каб тая паўплывала на палітычныя погляды мужа, калі не хоча, каб аднагадовага сыночка забралі ў інтэрнат.
Сям'я Алеся Лагвінца, якой педагогі пагражалі "СОП". (Крыніца фота )
Выкананне гэтай (і не толькі) бруднай працы сістэма ўсклала на педагогаў. Якія, паводле іх жа словаў, сеюць разумнае-добрае-вечнае і яшчэ патрабуюць вярнуць сабе аўтарытэт і больш паўнамоцтваў, каб бараніцца ад бацькоў.
Шчыра кажучы, я думаю, што тым асуджаным за рукапрыкладства дырэктарам і настаўніцам, якія пагражалі бацькам СОПамі, пашанцавала. Кожная маці мае закладзены прыродай інстынкт абароны свайго дзіцяці. І калі ёй пагражаюць ці яна бачыць сваё дзіця з крывавымі ранамі, яна можа разарваць на шматкі ўсякага педагога, які выконвае функцыю зондэркаманды. Але адвагі нашым педагогам не займаць, гэта ж не ад падпіскі на «Спасацеля» адмовіцца.
З дапамогай настаўнікаў у бацькоў адбіраюць законнае права, а разам з тым і адказнасць за навучанне і выхаванне сваіх дзяцей. Бацькі, якія маглі б уплываць на змест адукацыі праз школьныя рады, гэтай магчымасці пазбаўлены. Усё вырашае непаваротлівая і недэмакратычная дзяржаўная сістэма. Але ж дзеці пакуль не дзяржаўныя! Таму адказныя бацькі і не задаволены педагогамі, якія надта шчыра лезуць у працэс выхавання ды выконваюць усякія неўласцівыя ім абавязкі.
Вярнуць павагу і аўтарытэт настаўнікам будзе цяжка. Іх лічаць за халуёў сістэмы. Узгадайце, як летась пры правядзенні «всеобуча» жыхар адной кватэры схапіў настаўніцу за валасы і абражаў за яе дзеянні — дарэчы, незаконныя дзеянні.
Дзеці
Ну, а ахвяры сітуацыі – нашы дзеці. Ім патрэбны і аўтарытэтныя добрыя настаўнікі, і адказныя за іх бацькі. Але яны вымушаны жыць нібыта ў сям’і, дзе мама і тата іх любяць паасобку, але паміж сабой сварацца. Менавіта састарэлая сістэма адукацыі ўмела правакуе канфлікт паміж людзьмі, у якіх адна і тая ж мэта – добра выхаваныя і адукаваныя дзеці. Бацькоў заражае патэрналізмам і пазбаўляе адказнасці і права выбару, настаўнікаў выкарыстоўвае як інструмент для затыкання дзірак, школьную адміністрацыю разглядае як сваіх васалаў.
Што можна зрабіць?
А нічога! Касметычныя змены ў Кодэкс не будуць мець выніку. Сістэму, якая сутыкае ілбамі настаўнікаў, бацькоў і школьную адміністрацыю, каб выжыць самой, трэба мяняць. Гэта можна зрабіць толькі ў адным выпадку – калі большасць з гэтай тройцы зразумее, што мы – не ворагі, і аб’яднаецца для адстойвання сваіх законных правоў ад незаконных абавязкаў. І пачатак ужо пакладзены.