Праграма “Настаўнік для Беларусі”, якая рэалізуецца пры падтрымцы ААТ “БПС-Сбербанк”, праводзіць конкурс сярод рэгіянальных школ для пошуку школ-партнёраў Праграмы на 2019-2021 навучальныя гады. Арганізацыйны камітэт Праграмы запрашае вашу школу падаць заяўку.
Далей пра сутнасць Праграмы, крытэрыі адбору школ-партнёраў і працэдуру падачы заяўкі.
АБ ПРАГРАМЕ “НАСТАЎНІК ДЛЯ БЕЛАРУСІ”
Сутнасць праграмы “Настаўнік для Беларусі” ў тым, што мы адбіраем таленавітых настаўнікаў, якія накіроўваюцца працаваць на два гады ў рэгіянальныя школы, туды, дзе яны найбольш патрэбны. Бо мы разумеем, што адукацыйныя магчымасці школьнікаў у рэгіёнах і вёсцы ў агульным ніжэйшыя за магчымасці вучняў у сталіцы і абласных гарадах. Доўгатэрміновая місія праграмы “Настаўнік для Беларусі” - выраўняць магчымасці для кожнага школьніка нашай краіны ў раскрыцці свайго патэнцыялу праз доступ да якаснай адукацыі. А гэта шмат у чым залежыць ад настаўнікаў, якія сустракаюцца на шляху вучня. Настаўнікі-ўдзельнікі Праграмы праходзяць строгі адбор, навучанне цягам Летняга інтэнсіва і атрымліваюць метадычнае суправаджэнне падчас прафесійнай дзейнасці. Гэта значыць, што на вакантнае месца ў Вашу школу прыедзе працаваць па-сапраўднаму матываваны, настроены на супрацоўніцтва прафесіянал, які гарыць сваёй справай.
ЯКАЯ ШКОЛА МОЖА ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ НА ЎДЗЕЛ?
1. Школай-партнёрам можа стаць любая рэгіянальная ці сельская школа Беларусі, калектыў і адміністрацыя якой падзяляюць мэты і місію Праграмы.
2. У школе ёсць як мінімум 2 вакансіі (кожная на працу на 1 стаўку) для ўдзельнікаў Праграмы. Аптымальным варыянтам з’яўляецца менавіта парнае размяшчэнне ўдзельнікаў у партнёрскіх школах. Аднак, магчыма, калі ў вашай і ў суседняй школе ёсць па адной вакансіі і абедзве школы падалі заяўкі, то яны будуць разгледжаны.
3. Школа гатова да зменаў і інавацый. Мы чакаем, што ўдзельнікі Праграмы акрамя працы на адну стаўку будуць займацца рэалізацыяй праектаў, важных для школы і мясцовай супольнасці.Тэматыка праекта і яго план будуць прапанаваны самімі ўдзельнікамі пасля знаёмства са школай і яе кантэкстам.
ШТО ДАЕ ШКОЛЕ ЎДЗЕЛ У ПРАГРАМЕ?
1. Вы атрымліваеце не проста закрыццё вакансіі, а сапраўды прафесійнага настаўніка, лепшага з лепшых, падрыхтаванага, актыўнага і ініцыятыўнага спецыяліста, які прайшоў адбор сярод соцень кандыдатаў.
2. Удзел у Праграме дасць школе дадатковыя магчымасці па павышэнні кваліфікацыі педадагічнага калектыву, прыцягне ўвагу да вашага рэгіёна. Мы верым, што гэта можа быць выдатнай інфармацыйнай нагодай і магчымасцю для вас зрабіць унёсак у развіццё сваёй установы і рэгіёна ў цэлым.
3. Праект, рэалізацыю якога ініцыюе ўдзельнік Праграмы, можа даць дадатковыя імпульсы для развіцця школы і супольнасцей вакол яе (настаўніцкай, бацькоўскай і г.д.).
ЯК ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ?
Першы крок - гэта запаўненне заяўкі ад вашай школы для ўдзелу ў конкурсе. Форму заяўкі вы можаце спампаваць на сайце teach4.by у раздзеле “Школам”. Запоўненую заяўку да 19 мая трэба даслаць на адрас school@teach4.by
Адказы на любыя пытанні па Праграме ці заяўцы вы можаце атрымаць па тэлефоне +375 (29) 73-170-15, а таксама звярнуцца па кантактах, пазначаных на сайце. Будзем рады бачыць вашу школу сярод партнёраў Праграмы “Настаўнік для Беларусі”!