Люблю вясну ў канцы я мая…
Святлана Іванюшына
Люблю вясну ў канцы я мая,
калі мы справы ўсе складаем,
калі няма на працу часу,
бо ўсё шукаеш ты адказы:
Сярэдні бал, адзнакі ў годзе,
Хто колькі з’еў, хто колькі ходзіць…
І колькі мы гадзін згубілі –
дакладна гэта падлічылі.
Што тут лічыць: раскласці планы,
падлік па тэмах там старанны,
Цяпер шукай, што адзначалі,
дзе дні на святы выпадалі.
Запісвай колькасць сачыненняў,
кантрольных, вершаў для вучэння.
Правер з журналам – не згубіў –
То, значыць, добра ўсё рабіў.
А потым дзіва – справаздачы!
Няма для нас мацней удачы!
Аналіз працы і ўрокаў,
факультатываў – вырві вока!
Як добра іх ўсе складаць,
Лічыць, гадзін не дасыпаць!
Падручнікі сабралі з вучняў,
Але яшчэ тры дні іх вучым.
Мо, скончым дваццаць пятым мая?
Не, тыдзень шчэ, не паспаваем...
А там грымяць маланкі ў школе:
Праверкі смагу не натоляць.
Лічылі – нешта пагублялі….
Ой, як нядобра працавалі.
Ці праца наша ў тых падліках?
Мо, вучняў трэба нам паклікаць?
У іх пра якасць распытацца?
Не, трэба ж у АДЧОТ учытацца.
Калі аналіз непрыгожы –
ты добра працаваць не можаш!
Яшчэ нам трэба занатнуць,
дзе дзеці лета правядуць.
Усе адрасы, паролі, яўкі –
не знойдзеш – не відаць надбаўкі…
Хто за дзяцей насе адказнасць?
Бацькі – не трапілі адразу!
Бо тут настаўнікаў турбота.
Не падабаецца – свабода!
Звальняйся, тут нас не трымаюць,
Замену лёгка адшукаюць.
Таго, хто коскі добра ставіць,
і гэтым сам сябе праславіць.
А пратаколы ўсе зрабілі?
Бацькоў на сходах падлічылі?
Як жа цікава – усё лічыць,
Напэўна, лепей, чым рабіць
Урок нетрывіяльным, новым,
бацькоўскі сход – з разумным словам.
А, я забылася дадаць:
макулатуру ж трэба здаць,
Бо план у школу перадалі,
Каб жа ж дырэктара не знялі.
Якая любая работа –
ідзем мы на яе ў суботу!
Бо сем’і дзецям непатрэбны,
Там бавяць час яны дарэмна!
Хай там бацькі адны сумуюць,
Настаўнікі ж іх не турбуюць.
Мерапрыемствы трэба весці,
І ўсіх дзяцей на іх прывесці.
Але важней – фотаАДЧОТ!
Галоўны ён з усіх работ!
Калі яго ты не зрабіў –
амаль на працы ты не быў.
Але ж і новая прыгода:
калі прыходзіць на работу.
І дзе захоўваць тэлефоны!
Мы любім новыя законы!
У школе строгага рэжыму
наступную мы будзем зіму.
Хвалюецеся? Ой, не варта!
У школе зробяць нават варту!
І новы з’явіцца намеснік –
бяспекі школы першы веснік!
А мы, напэўна, ў абавязак
АДЧОТ пра ўсіх дзіцёнкаў класа
Намесніку такому будзем
Даваць, а то яшчэ асудзяць!
Віншавальную паштоўку калегам-супергероям падрыхтавала Таццяна Фадзіна.