Выдавецтва «Кнігазбор» спецыяльна да новага навучальнага года падрыхтавала адукацыйную казку «Краіна Вымярэнія», аўтар – Алег Грушэцкі. Для беларускага кніжнага рынка кніга ў нечым унікальная. Чытаючы яе разам з вамі, дзеткі лепей спазнаюць пра спосабы і адзінкі вымярэння (даўжыня, шырыня, вышыня), вагі і аб’ёму (кілаграмы, літры), адзінкі вымярэння часу (гадзіны, хвіліны), а дзякуючы беларускім прымаўкам і прыказкам яны даведаюцца, чым адрозніваюцца месяцы і поры года.
І ўсе гэтыя веды пададзены не ў сухой навучальнай форме, а праз казачныя апавяданні, дзе галоўныя героі – насельнікі казачнага лесу (мядзведзь, вожык, зайка, ліска, лось, вавёркі і інш.). Кожнае апавяданне сканчаецца плыўным пераходам у наступную тэму, утвараючы такім чынам адзінае арганічнае цэлае, дзе ўсе гісторыі паміж сабою лагічна злучаны.
Кніга вялікафарматная, у цвёрдай вокладцы, надрукаваная на крэйдаванай паперы. Разлічана для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Набыць кнігу можна ў кнігарнях Мінска – «Акадэмкніга», «Цэнтральная», «Веды», «Светач», «Кнігарня пісьменніка», у краме «Мой модны кут» (у ГЦ «Маскоўска-Венскі», пав. 333), а таксама з рассыланнем па Беларусі і свеце праз Інтэрнэт-кнігарню Knihi.by.
Пра аўтараў:
Аўтар кнігі – Алег Грушэцкі. Бацька траіх дзяцей – двух сыноў і дачкі. Дачка – выхаванка беларускамоўнага садка, сёлета ідзе ў першы клас. Алег Грушэцкі – журналіст, літаратар, публіцыст. Піша вершы і казкі на беларускай мове. Працоўную дзейнасць пачынаў са старэйшага важатага ў школе, кіраваў дзецьмі-скаўтамі, друкаваўся ў «Настаўніцкай газеце», лаўрэат шэрагу творчых прэмій. Жонка – педагог, працавала выхавальніцай у беларускамоўным садку.
Ілюстратар кнігі – таленавіты мастак Віктар Козел, выкладчык па маляванню ў Крупіцкай школе мастацтваў. Таксама шматдзетны бацька – мае траіх дочак.