Эфект доўгага хваста. Эдкэмп-2019
Святлана Іванюшына, https://edcamp2019.blogspot.com/
Звычайна гэты тэрмін (эфект доўгага хваста) мае іншае значэнне: працяг ініцыятывы, уключэнне ў яе іншых па-за межамі (так, наогул, ужо праз некалькі дзён адбудзецца міні-Эдкэмп у Віцебскай вобласці, чакаю з нецярплівасцю).
Але для мяне хвост з'явіўся менавіта сёння. Чаму? Бо сёння - першы дзень канікул. І мне не трэба рыхтаваць на заўтра планы, прадумваць урокі. А гэта значыць - вечар выдаўся вольны (адносна), можна прывесці кватэру ў парадак, разабраць паперы. Вось жа яна - торбачка з Эдкэмпу. Што цікавая я там для сябе знайду праз час?
Безумоўна, гэта раздрукоўкі Дануты Стэрны. Здорава! Бо ў панядзелак школьнае метадычнае аб'яднанне! Можна скарыстацца ідэямі!
Але ж якая яшчэ цікавая рэч знайшлася! Самалёцікі з пытаннямі, якія падрыхтавалі мне ўдзельнікі майго майстар-класу. На пытанні ўсе адказаць не хапала часу, але ж якія яны: кожнае па-свойму цікавае! Бо і ўдзельнікі ў мяне былі такія: яркія, цікаўныя, жывыя! Думкі зноў вярнуліся да 12 кастрычніка - сапраўднага педагагічнага свята.
У ноч перад Эдкэмпам вырашыла, што трэба паспрабаваць сваю моц і прапанаваць ідэю: "З Калабком ад маленькіх даследванняў да вялікіх адкрыццяў".
Прычым тут Калабок, спытаецеся вы? Не так даўно я атрымала ў падарунак кнігі ад каманды Кубка ТРВЗ (Тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач) з Піцера, і 3 з іх былі... пра Калабка
Пачала чытаць і зразумела, што сюжэт кнігі вязде мяне да ўласнай ідэі. Расказаць дарослым пра даследчую працу інакш, чым я гэта рабіла раней: хай маім памочнікам будзе маленькі казачны персанаж і яго шлях.
Праз этапы жыцця і падарожжа Калабка мы стварылі каманды і павучыліся ўзаемадзейнічаць, паразмаўлялі пра мэты, пра супярэчнасці, згадалі медыяпісьменнасць, паэксперыментавалі, павучыліся запамінаць складаныя тэксты, пашукалі адказы на пытанне "Што зрабіць з тымі, хто дакладна можа цябе з'есці?".
У мяне былі сапраўды цікавыя суразмоўцы, таму было на майстар-класе цікава, напэўна, больш мне, чым слухачам (я атрымоўвала вялізнае задавальненне ад народжаных у момант ідэй, ад усмешак, дзякуй усім!).
Я не магу нават назваць нашу форму сустрэчы майстар-класам. Гэта быў дыялог, гульня, адкрыцці!
Але зараз да пытанняў, якія засталіся па-за кадрам:
1) Колькі часу патрэбна для падрыхтоўкі дзіцяці да конкурса даследчых прац? - Кожнаму свой час (і кожнаму дзіцёнку, і кожнай тэме. Але, на мой погляд, калі даследванне выходзіць за межы 3 месяцаў (сустрэчы 1 раз на тыдзень), яно надакучвае. Бо гэта праца не толькі ў школе, а яшчэ і дома. Самы актыўны і цяжкі этап - падрыхтоўка да прэзентацыі. Ён патрабуе найбольш часу. Астатняе залежыць ад працягласці эксперыментальнай часткі. Можна і ў тыдзень укласціся.
2) Ваш клас - Ваша сцэна. Тамадой стаць не марылі? - Гэтае пытанне выцягнула выпадкова і ўжо адказала - даводзілася, на вяселлі сястры. Але гэта не маё, мне так здаецца.
3) Як у даследванні знайсці актуальнасць? - Залежыць, як глыбока патрэбна шукаць і для каго шукаем. Для дзіцяці актуальнасць на паверхні: раз ён узяўся за працу, яму цікава і невядома, а значыць, актуальна. А для журы... Трэба знайсці "кручок". Паглядзець на аб'ект даследвання з новага ракурса. Знайсці хаця б маленечкую рысу, якая надае аб'екту новых колераў. Напрыклад, мая адна дзяўчынка-першакласніца спыталася, чаму ў матылькоў крылы розных колераў бываюць. Вось тут і пачалі гіпотэзу ставіць - хто ж гэтыя крылы размаляваў, для чаго, як гэтая фарба ўтвараецца. Цікава і ракурс нестандартны.
4) Ці магчымая такая мадэль навучання для ўжывання кожны дзень? - Чаму не? Магчымая. Бо маленькія даследванні можна рабіць на кожным уроку. Толькі не "перасаліць", каб смачна было! Бо трэба правільна заданні сфармуляваць, падрыхтаваць матэрыялы для дзіцячага пошуку, а гэта затратная па часе. Але не трэба шкадаваць час, калі "ураджай" будзе радаваць і вучняў, і настаўніка.
5) Ці магчыма напісаць даследчую працу ў 1 класе? - Я шмат разоў з дзеткамі пісала. І мае калегі - таксама. Ніякіх праблем! Дзіця -першакласнік - той яшчэ "чамучка". З дачкой і пляменніцай пісалі нават у дзіцячым садку. Важна, каб дзеці толькі самі разумелі, што яны вывучылі, што зрабілі. Не трэба пісаць ім гатовы тэкст. Важна слухаць іх і, наадварот, тэкст работы запісваць з іх жывой дзіцячай мовы. Відэадоказ:
6) Ці можна гэтую тэхналогію выкарыстоўваць на ўроках беларускай мовы? - Безумоўна. Мы з дзеткамі 3-4 класа пісалі 2 даследчых, якія лёгка ва ўрокі мовы і літаратуры інтэгруюцца: "У краму за беларускім словам" і "Байка беларуская для Ванечкі з Маруськаю". Гэта мае самыя любімыя работы.
7) Дзе бяру натхненне? - У дзетках! Вось учора з дзеткамі 4 лкаса абмяркоўвалі ход ўжо прыдуманы імі работ, а яны як пачалі генерыраваць! Гэта проста кайф!
8) Ці ёсць ў нашай рэчаіснасці магчымасць развіваць даследчыя кампетэнцыі як адукацыйную каштоўнасць? Не дзеля дыпломаў і месцаў і іншых "фанцікаў"? - Я лічу, што да, тым больш, я так і працую. Сярод маіх даследчыкаў-першакласнікаў ёсць дзеткі, якія амаль не размаўляюць. Але як свецяцца іх вочы, калі яны ўдзельнічаюць у сумеснай працы, праводзяць эксперыменты, фіксуюць вынікі! Хай толькі жаданне гэтае з імі надалей застанецца! Вось мае мінулагоднія выпускнікі 4-клашкі ходзяць і пытаюцца, чаму ў гэтым годзе ім ўжо нельга займацца на факультатыве. А ён жа ў мяне толькі да 4 класа разлічаны! А ў старэйшай школе іх падхопліваць ніхто не хоча (гэта не выдатнікі зусім, з такімі рэдка "вазюкаюцца").
9) Як завуць дачку? - У мяне іх дзве: Насця - старэйшая - трэццякласніца і пастаянны ўдзельнік даследчых прыгод (на відэа ёсць вышэй). Каця - малодшая, ёй 3 гады. Пакуль яна даследуе тое, што нам і так вядома. Але цікаўнааааяяяя!
10) Акрамя ТРВЗ якія ёсць конкурсы (праекты) - Для мяне галоўны - конкурс "Я-даследчык", а затым шукаю ў інтэрнеэце. Зараз рыхтуемся да конкурса "Дзець здымаюць навуку" на наступны год.
11) Колькі спяць вожыкі? Звычайна - з кастрычніка па красавік, калі Гугл не падманвае :)
12) Чаму не існуе туалетнай паперы бліскучай? - Цікава! Трэба прапанаваць адказаць дзеткам!
13) Колькі часу займае работа над пошукам новых ідэй? - Шукаю іх кожны дзень і кожную ноч. Але не засяроджваюся на гэтым. Проста зрэдку штосьці "шчоўкае", тады імкнуся запісаць ці падзяліцца з калегамі. Але часцей ідэі ідуць ад саміх дзяцей. Я ім свае не навязваю, магу толькі ў якасці урочнага задання прапанаваць, калі хто падхопіць - іду за ім.
Спадзяюся, на ўсе пытанні адказала!
Чакаю наступны Эдкэмп, бо ўжо сумую па гэтым пазітыўным настроі, якім там ўся напоўнена!
Лавіце мой Эдкэмпаўскі хвост, успамінайце. шукайце пытанні і адказы! І да сустрэчы!