Што рабілі настаўнікі гісторыі ў Чэхіі?

Традыцыйна настаўнікі праводзяць свае канікулы так, каб павысіць свой кругагляд і прафесійную кампетэнтнасць. З такой мэтай настаўнікі гісторыі адправіліся на восеньскіх канікулах ў Чэхію. Прыехалі - а там забастоўка! Бастуюць 67% настаўнікаў. 
Пашанцавала ці не нашым гісторыкам? Давайце паслухаем, што яны кажуць самі ў прафесійнай суполцы.

Погляд на знаёмыя праблемы з-за мяжы: Слухаем падкаст 

ЗАБАСТОЎКА НАСТАЎНІКАЎ У ЧЭХІІ
6 лістапада 2019 года адбылася забастоўка настаўнікаў у Чэхіі. Паколькі ў той час наша група знаходзілася з адукацыйным візітам у Празе, то нам было цікава даведацца больш падрабязна пра гэту падзею і запытаць меркаванне аб ёй чэшскіх педагогаў.
Мы змаглі пагутарыць з намеснікам дырэктара адной з пражскіх гімназій (Gymnázium Na Vítězné pláni) Паўлай Імашаўскай, выкладчыкам асноў грамадазнаўства ў гэтай жа гімназіі Мацеем Кралай і дырэктарам пачатковай пражскай школы (návštěva ZŠ Vratislavova) Іржы Трундай.
Забастоўка была арганізавана настаўніцкім прафесійным саюзам і працягвалася адзін дзень. Гэта была самая буйная забастоўка настаўнікаў у Чэхіі. У ёй прынялі удзел 67% чэшскіх настаўнікаў.
Настаўнікі маглі самі рабіць свой выбар – удзельнічаць у забастоўцы ці не. Вядома, што ўдзельнікі забастоўкі заработную плату за гэты дзень не атрымалі. Але ці была нейкая фінансавая падтрымка для ўдзельнікаў забастоўкі з боку прафсаюза, мы даведацца не змаглі.
У час забастоўкі яе ўдзельнікі не вышлі на працу і засталіся дома, аднак публічных акцый, накшталт пікетаў, мітынгаў ці дэманстрацый, не адбывалася. Бацькі былі папярэджаны загадзя аб удзеле ў забастоўцы настаўнікаў школы, ў якой вучацца іх дзеці. У гімназіі, якую мы наведалі, заняткі былі поўнасцю адменены па прычыне немагчымасці арганізаваць навучальны працэс, і вучні ў гэты дзень засталіся дома. Тыя настаўнікі, якія не прынялі ўдзел у забастоўцы, павінны былі прыйсці на працу, але іх было вельмі мала і весці заняткі па раскладу было немагчыма. У некаторых школах быў скарочаны расклад заняткаў ці арганізаваны нагляд за дзецьмі. У школе Іржы Трунды ўдзельнікам забастоўкі была толькі адна настаўніца іспанскай мовы, таму заняткі праводзіліся як звычайна.
Прычынай забастоўкі стала тое, што сфера адукацыі ў Чэшскай Рэспубліцы недаацэнена фінансава з боку дзяржавы. Акрамя гэтага настаўнікі лічаць, што ўспрыняццё настаўніка, значнасць яго прафесіі недаацэнена і з боку грамадства.
Мацей Крала назваў гэту забастоўку актам адчаю, спробай звярнуць увагу грамадства на становішча настаўніка, на значнасць яго прафесіі.
Паўла Імашаўская патлумачыла, што адной з прычын забастоўкі стала тое, што ўрад абяцаў падняць заробак настаўнікаў на 10 %, а падняў толькі на 8%. З тлумачэння Іржы Трунды мы зразумелі, што 8% ад заробка настаўніка дабаўляецца ў якасці асноўнай базавай прэміі, а 2% - з дырэктарскага фонду – для заахвочвання тых, хто добра працуе.
У дзяржаўным бюджэце Чэхіі быў знойдзены фінансавы рэзерв, які плануецца вызначыць для падтрымкі ўрадавых прыярытэтаў. Настаўніцкі прафсаюз выступае за тое, каб частка гэтых грошаў пайшла на тое, каб прэмія ў 10% вызначалася да асноўнага заробку ўсіх настаўнікаў. Але ўрад не хоча з гэтым пагаджацца.
Мацей Крала звярнуў увагу на тое, што пражскія настаўнікі атрымліваюць большую зарплату, чым іх калегі з перыферыі. У Празе дырэктар навучальнай установы мае больш магчымасцяў знайсці дадатковае фінансаванне: школа фінансуецца не толькі с дзяржаўнага бюджэту, але і за кошт муніцыпальных сродкаў. А вось заробак настаўнікаў з іншых рэгіёнаў Чэхіі значна ніжэй. Пражскія настаўнікі вырашылі прыняць удзел у забастоўцы ў знак салідарнасці са сваімі калегамі з іншых рэгіёнаў. Марцін Крала лічыць гэта вельмі важным - бо, калі настаўнікі будуць салідарызавацца, то хутчэй змогуць дабіцца нейкіх пазітыўных зменаў не толькі ў сваім становішчы, але ўвогуле ўсёй сістэмы адукацыі.
Тым не менш, і дырэктар школы Іржы Трунда, і намеснік дырэктара гімназіі Паўла Імашаўская лічаць, што забастоўка арганізавана вельмі дрэнна: мэты і патрабаванні вызначаны вельмі расплывіста і незразумела. Яны лічаць, што станоўчага выніка гэта забастоўка не дасць. Іржы адзначыў, што каб арганізацыя была іншай, то ён першым бы выйшаў на гэту акцыю пратэсту. А так ён не бачыць сэнсу ў яе удзеле. І сапраўды, негледзячы на тое, што падзея шырока асвятляецца сродкамі масавай інфармацыі, урад заявіў, што патрабаванні настаўнікаў выконваць не будзе.
Тым не менш, Паўла Імашаўская адзначыла вельмі важным, што гэта забастоўка ўвогуле адбылася.