Сфера навуковых інтарэсаў Андрэя Мацука — унутрыпалітычнае становішча беларускіх зямель ВКЛ XVIII стагоддзя, парламенцкая сістэма, рэгіянальныя павятовыя эліты, прававая і палітычная думка, дзяржаўныя інстытуты ВКЛ XVIII ст. Андрэй Мацук — аўтар манаграфій «Барацьба магнацкіх груповак у ВКЛ (1717–1763 гг.)» і «Полацкае ваяводства ў XVIII ст.: ваявода, шляхецкая эліта, соймікі». Даследчык родам з Полацка, мае ступень кандыдата гістарычных навук.
Навуковец быў затрыманы разам з сябрам 24 верасня каля 22.00 у мікрараёне Грушаўка каля свайго дома на праспекце Дзяржынскага. Спачатку яго адвезлі ў Маскоўскі РУУС, зараз, меркавана, ён знаходзіцца на Акрэсціна.
У абед 25 верасня калегі Андрэя Мацука з Інстытута гісторыі Акадэміі навук зладзілі акцыю ў яго падтрымку каля прэзідыума установы і выслалі фота ў рэдакцыю НЧ.
Ужо не ўпершыню супрацоўнікі Інстытута гісторыі выходзяць на акцыі салідарнасці з затрыманымі калегамі. 14 верасня яны падтрымалі Міколу Волкава, якога затрымалі на дзень раней і вызвалілі 16 верасня.