Святлана Іванюшына: Эдкэмпілі, эдкэмпім і будзем эдкэмпіць!

Ну, вось і зноў фініш! Цэлы год педагагічная супольнасць чакала Эдкэмпу, а ён скончыўся. Так хутка, что не паспелі надыхацца!

Што для мяне Эдкэмп сёння? Месца, дзе я - свая сярод сваіх! Месца, дзе пануюць сяброўскія ўсмешкі! Месца, дзе настолькі канцэнтраваныя педагагічныя знаходкі, што галава часта не вытрымлівае ад імкнення ўсё ўспрыняць! Месца, дзе шчодра дзеляцца сваімі знаходкамі! Месца, дзе дзе лічаць, што знаходкі, якія ты рэалізуеш толькі ў сябе на ўроку - гэта, канечне, добра, а калі ты зможаш трансліраваць іх і павялічыць колькасць паспяховых вучняў і настаўнікаў дзякуючы сваім здабыткам - гэта ж неверагодная ўдача для цябе самога! Бо тыя веды, якія праз твае намаганні атрымаюць іншыя, тым больш каштоўныя, чым яны пашыраныя па свеце! Калі Вам шкада сваіх знаходак, бо яны Вам даліся так цяжка, а таму сталі вялізный вашай таямніцай і дасягненнем толькі Вас і вузкага кола Вашых навучэнцаў - Вам не на Эдкэмп! Бо тут усе шчаслівыя абменьвацца, і, калі аддаюць, атрымоўваюць нашмат больш! 

Аднак чым жа Эдкэмп - 2020 адрозніваецца ад Эдкэмпаў іншых гадоў? Ну, напэўна, ўздзеяннем пандэміі: некаторыя ўсмешкі хаваліся за маскамі, затое добра было відаць, якія цудоўныя вочы ў людзей! Але сяброўства маскі ўжо не стрымлівалі! Мы не маглі не абдымацца! І маскі паступова здымаліся, нягледзячы ні на што! Бо шчасце сустрэчы знішчала думкі пра цяжкасці!
Амаль палова ўдзельнікаў гэтага года - навічкі, першакласнікі ці дашкаляты, як сказалі Жэня і Наста Пугачы, нашы нясменныя вядоўцы і арганізатары настаўніцкага свята. 
Але ж навічкі аказаліся найцікавешнымі асобамі! Менавіта за выступы навічкоў галасавала публіка! 
Прынцыпы ж Эдкэмпа не змяніліся. Каця Куксо мадэрыравала панэльную дыскусію, з якой традыцыйна пачынаецца Эдкэмп. Пытанні на злобу дня: ПІЗА-2018 і выклікі, з якімі сутыкнулася адукацыя ў 2020 годзе. Пасля "панэлькі" - кірмаш ідэй. Я сачыла за чаргой і разумела, што няма ў ёй ні канца, ні краю: як ганаруся калегамі і іх шчодрасцю, смеласцю (не кожны можа рашыцца прэзентаваць свае ідэі, не кожны верыць, што яго праца - тое, што зацікавіць публіку). Вось, напрыклад, у мінулым годзе мая настаўніца хіміі, Наталля Іванаўна, не рашылася прэзентаваць свой МК, а ў гэтым - не толькі прэзентавала, але і правяла, атрымаўшы ўдзячнасць ад прысутных і задавальненне ўласнае! Ці ж гэта не дасягненне Эдкэмпу?

Пра майстар-класы настаўнікаў і экспертныя сесіі я магла б гаварыць бясконца. Я аказалася мадэратарам на 3 паверсе, таму не была настолькі мабільнай, як звычайна. Прысутнічала на відэапрэзентацыях досведу амерыканскага і эстонскіх калег, дзе слухачы чулі пра педдызайн і пра асаблівасці білінгвальнай адукацыі. "Пагружэнне" - тое, што патрэбна і нашай школе...
Пра беларускія традыцыі гаварылі (і не толькі гаварылі, але і гулялі, танчылі) разам з Дзмітрыем Зайко (дарэчы, даведалася, што ён - вядомы беларускі рэпер  "Вожык". Буду вывучаць далей гэты факт). Смела, сучасна, у разрыў з прывычнымі шаблонамі. Задумалася.
Надзея Жвавая зачаравала сваім майстэрствам працы над арфаграфічнай пільнасцю: здорава было ўбачыць сябра па духу: пры запамінанні правіл Надзея карыстаецца магчымасцямі кінэстэцікі (і яяяяя), у сваіх памятках выкарыстоўвае мову сімвалаў (ааа, як жа я люблю гэта!). 

А сапраўдным сюрпрызам ад арганізатараў стаў вячэрні канцэрт! Лявон Вольскі! Мы спявалі да хрыпаты ў горле! Мы танчылі так, як ніколі! Гэта сапраўды настаўнікі? Зрэдку мільгала ў маёй галаве. Так, канечне, бо настаўнікі ў першую чаргу людзі, якія любяць танчыць і спяваць, любяць весяліцца! Дзякуй за Вольскага, Жэня і Наста! Дарогу дадому спяваў мой мозг!

Другі дзень. Экспертная сесія ад Ганны Ісаенкі! Яна неверагодная, чароўная! Так пра прафарыентацыю не расказвае ніхто: на мове любові да сваёй справы, на мове абгрунтаванасці і ўвагі да кожнага выпадка! Дзякуй, Ганна! Вашыя словы трэба запісваць і паўтараць сабе, асабліва, калі ты мама і ўжо думаеш пра тое, які шлях абярэ дзіця... 

Наталля Курсава дапамагла ўдзельнікам адчуць сябе сапраўднымі геймдызайнерамі і стваральнікамі гульняў. Без кампутараў, на лістах бумагі, але як!

Чарга да Ганны і Наталлі пасля іх МК - сведчанне таго, наколькі адклікаюцца тэмы нашым настаўнікам!

А Эла Якубоўская - сапраўдны майстра валодання аўдыторыяй! Паўтарыла фразу, што напісаная на слайдзе: МК для настаўнікаў прадметаў негуманітарнага накірунку, але ніхто з гуманітарыяў не сышоў :), і не расчараваліся! Праца з відэа - пошук памылак як матывацыя ці як замацаванне вывучанага. Праца з малюнкамі (якія пытанні трэба ставіць да іх). Праца з рэкламай. Матыватары і дэматыватары. Лайфхакі. 
Нават я сабе занатавала некаторыя факты для будучых юных даследчыкаў!

Не ведаю, колькі слоў "дзякуй" напісаць, каб перадаць адчуванні! Не ведаю, колькі слоў увогуле патрэбна, каб перадаць уражанні! Яшчэ доўга я буду жыць эмоцыямі і ведамі Эдкэмпа, але ўжо сёння раніцой уключыўся сум: ну вось, чакала, а ён скончыўся. Скончыўся, каб працягнуцца зноў: у міні-Эдкэмпах, у наступным годзе! Я адкрываю календар і пачынаю новы адлік. Жыццё ад Эдкэмпа да Эдкэмпа! Якое будзе яркім, яле толькі таму, што Эдкэмп запальвае пуцяводныя зоркі для нас усіх!
Далучайцеся, хто яшчэ не Эдкэмпіў, бо толькі тады вы мяне зразумееце!

А яшчэ - Эдкэмп яднае краіны :)

 
 
Год гэты нам прынёс шмат страт і болю
Карона, выбары – які складаны час.
Але у Імагуру зноў настаўнікаў даволі!
Як здорава, што ёсць Эдкэмп у нас!
 
І ўжо ад думак і ідэй трашчыць паветра!
Не па каўбасы чэргі тут якраз!
Тут чэргі на кірмаш ідэй, паверце!
Як здорава, што ёсць Эдкэмп у нас!
 
Свабода, выбар тут сябруюць з намі,
Ты выбіраеш сам, дзе бавіць час,
І галасуеш тут наупрост нагамі!
Як здорава, што ёсць Эдкэмп у нас!
 
Сяброўскія абдымкі і сустрэчы,
Сюрпрыз: сам Вольскі завітаў да вас!
Настаўніцкі ансамбль гучыць хай вечна!
Як здорава, што ёсць Эдкэмп у нас!
 
Хачу я кожнаму прамовіць “дзякуй”
Бо гэта свята! Свята светлых фраз!
Хто не спазнаў яшчэ Эдкэмпу смаку
Прыходзьце! І Эдкэмп з’яднае вас!