Каляды ў музеі

03.12.2020

Надышла зіма, а разам з ёй набліжаюцца калядныя святы. Для таго каб наступны год быў шчаслівейшы за папярэдні, можна паспрабаваць сустрэць яго ў адпаведнасці са старадаўняй беларускай традыцыяй: весела і шумна. Здаўна адным з галоўных свят года было Раство. Яго нашыя продкі сустракалі вясёлай кампаніяй “калядоўчыкаў”. Можа, і нам трэба паспрабаваць? 

У Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах прапануюць наведнікам не толькі паглядзець калядны абрад, але і самім стаць яго ўдзельнікамі. Дапаможа ў гэтым дзіцячы фальклорны гурт “Бараўлянская крынічка”. Як калісьці нашыя продкі на вячорках там прапануюць патанчыць традыцыйныя танцы ды пагуляць у вясёлыя гульні. А напрыканцы абавязкова выпіць гарбаты са смачным блінам і хатнім сочывам. 

Для таго, каб ад Калядаў у музеі засталіся не толькі яркія ўспаміны ды фотаздымкі, на майстар-класе па саломапляценні кожны з удзельнікаў самастойна зробіць каляднага анёла. Гэта стане цудоўным напамінам аб сустрэчы ў музеі. Анёлам можна ўпрыгожыць хатнюю навагоднюю ёлку. 

І канешне, трапіўшы ў музей, экспазіцыя якога напоўнена скарбамі традыцыйнага мастацтва, нельга абысціся без экскурсіі. Навуковыя супрацоўнікі музея распавядуць пра тыя віды народнай творчасці, што з’яўляюцца асновай для фарміравання сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва. 

У праграме: 

  • Транспарт ад школы да музея і назад

  • Экскурсія

  • Майстар-клас па саломапляценні

  • Выступленне калядоўшчыкаў 

  • Майстар-клас па традыцыйных танцах 

  • Народныя гульні 

  • Пачастунак (гарбата, блінцы з варэннем) 

 

Кошт праграмы 29 рублёў на чалавека (кошт залежыць ад колькасці ўдзельнікаў у групе) 

Папярэдні запіс абавязковы па тэлефонах: +37517 5074469 і +37529 1353241 (Viber, WhatsApp)