Гомельскія настаўнікі аб прапанове пракурора забараніць БЧБ-сімволіку: Як у школе распавядаць пра «фашысцкі» сцяг?

Як раней паведамлялі «Сильные новости», пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў заявіў, што БЧБ-сьцягі і звязаную з ім сімволіку варта прызнаць незаконнай і забараніць. На гэтыя словы тут жа адрэагавалі настаўнікі, бо гiсторыю са школьнай праграмы ніхто не выключаў.

Так, напрыклад, настаўніца пачатковых класаў адной з гомельскіх школ паведаміла рэдакцыі «Сильных новостей», што ў чацвёртым класе ёсць прадмет «Мая Радзiма Беларусь», дзе ў канцы года цэлы ўрок прысвечаны тэме «Дзяржаўны сцяг». На адным з адукацыйных парталаў ўжо трэці год размешчана відэа, якое дапамагае лепш раскрыць тэму. У відэаматэрыяле ідзе гаворка пра герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг, тут жа ўспамінаюць і легенду пра князя.

«Перамаглi Беларускiя войскi чужынцау, а белая-чырвона-Белая палотнiшча стала iх баявым сцяг», - гаворыцца ў навучальным матэрыяле.

 

 

З аналагічнай праблемай сутыкнуліся і настаўнікі гісторыі, якія выкладаюць у дзевятых класах.

«Цяпер на ўроках дзецям будуць тлумачыць, што ў 1991 годзе незалежнасць нашай краіны была пад фашысцкім сцягам?» - здзіўляюцца выкладчыкі.

Зрэшты, у пракурора Гомельскай вобласці сваё меркаванне. Раней у  інтэрв'ю «Гомельскай праўдзе» ён распавёў пра атрады калабарацыяністаў, якія здзекаваліся з сем'яў партызан. Ён адзначыў, што за арганізацыю карных аперацый членам гэтай банды уручалі медалі, дарылі дамы і ў знак пашаны дазвалялі насіць бел-чырвоную павязку.

Віктар Марозаў паведаміў, што парламент рыхтуе для разгляду змены ў закон аб экстрэмізме. На яго думку, варта падняць пытанне аб унясенні ў спіс забароненай сімволікі і БЧБ-сцяг. Праўда, як распавядаць у школе пра «фашысцкі сцяг», які да гэтага года такім не з'яўляўся, ён не патлумачыў.

Сильные новости, 11.12.2020