Чаму я сыйшоў з дзяржаўнай школы? Расповед былога дырэктара дзяржаўнай школы

28.12.2020

Не так даўно я сыйшоў з пасады дырэктара установы адукацыі. Асноўнай прычынай для гэтага стаў мой артыкул “Чаму я ніколі не аддам сваё дзіцё ў дзяржаўную школу? Маналог дырэктара дзяржаўнай школы”. Было відавочна, што адкрытая крытыка дзяржаўнай сістэмы адукацыі выклікае прадказальную рэакцыю вышэйзгаданай сістэмы, якая пажадае ачысціць ад шкодных элементаў сваю структуру. Я пералічыў шэраг прычын, якія, на маю думку, не дазваляюць думаючаму чалавеку пагадзіцца з тым, што адбываецца ўнутры ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь. Пасля публікацыі артыкула я атрымаў рэакцыю неверагоднай падтрымкі з боку педагогаў краіны, якая ў найбольшай ступені была выказана наступным сказам: “Падпісваюся пад кожным словам, але, нажаль, сысці не магу”. Я не ставіў перад сабой мэты абудзіць педагагічную супольнасць да такой ступені, каб кожны вырашыў сыйсці са сваёй пасады, але, улічваючы тое, што па волі абставін я быў вымушаны пакінуць сваю пасаду, хачу распавесці аб тым, што мяне пабудзіла да гэтага кроку.

  Мой педагагагічны стаж складаў на момант звальнення каля шасці з паловай гадоў. Тэрмін невялікі, але мне, як кажуць, хапіла. Чаму? Мне “пашчасціла” даволі хутка азнаёміцца з усімі законамі дзеяння сістэмы. 

Я атрымліваў вышэйшую адукацыю на бюджэтнай аснове ў сценах факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і быў вымушаны сутыкнуцца з сістэмай размеркавання маладых спецыялістаў. Ужо тут я пачаў падазраваць нашу сістэму адукацыі ў не зусім аб’ектыўным успрыманні рэчаіснасці. Мая спецыяльнасць – філасофія, кваліфікацыя – выкладчык філасофіі. Любому чалавеку, які прайшоў праз беларускую школу, будзе зразумелым, што з такой кваліфікацыяй няма чаго рабіць у якасці спецыяліста ў той самай школе. Але, на жаль, дзяржаўная сістэма адукацыі не падпарадкоўваецца законам здаровага мыслення і таму, атрымаўшы размеркаванне ва ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме шэраговага райвыканкама, я пачаў адчуваць нешта нядобрае. Як аказалася, нездарма. Галоўны спецыяліст па кадрах упраўлення, убачыўшы мой дыплом, выразна адрапартавала, што я накіроўваюся на адпрацоўку на пасаду настаўніка гісторыі ва ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі. Калі я асмеліўся выказаць здагадку аб тым, што мая спецыяльнасць не зусім добра карэлюецца з пасадай настаўніка гісторыі, было адзначана, што я нясу лухту. З гэтай незразумелай сітуацыі і пачаўся адлік майго стажа ў сістэме адукацыі.

 Атмасфера ў школе. Ілюстратыўнае фота, ўзятае з сайта СШ №3 г Крупак.

Дзякуй богу, я не зусім слабы чалавек у вобласці сусветнай і айчыннай гісторыі, таму на пэўным узроўні змог выкладаць гэтыя прадметы. У мінулым годзе мне пашчасціла нават атрымаць ганаровае званне “Настаўнік года” па выніках раённага конкурса прафесійнага майстэрства ў намінацыі “Настаўнік гісторыі, геаграфіі і грамадазнаўства”. Улічваючы тое, што я ўвогуле неспецыяліст у гэтай сферы, схільны лічыць гэта нядрэнным вынікам. Прычым на той момант у якасці асноўнай я займаў пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, а настаўніцкая дзейнасць не была асноўнай для мяне.

Але ўсе гэта толькі перадгісторыя маіх прыгод у лабірынтах сістэмы адукацыі. Ужо на другі год працоўнай дзейнасці мяне, неспецыяліста, накіроўваюць на павышэнне і я станаўлюсь намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў школе з больш чым дзвюма сотнямі навучэнцаў. Без вопыта, спецыяльных ведаў і неабходных кампетэнцый. На год мяне і хапіла, таму што выконваць работу са зместам якой ты не знаёмы, на мой погляд, дастаткова праблематычна.

Праз нейкі час пасля майго сыходу з гэтай пасады мяне накіравалі на пасаду дырэктара аздараўленчага лагера. З улікам таго, што я ўжо меў пэўны вопыт адміністратыўнай работы, са складанасцямі, але я спраўляўся са сваімі працоўнымі задачамі. Ва ўсіх збудаваннях лагера ў зімні перыяд часу не было ацяплення, з-за чаго кожную вясну прыходзілася праводзіць шырокі спектр будаўнічых работ, аднаўляючы лагер практычна з нуля. Летам прыходзілася праводзіць на працы калі дваццаці гадзін сем дзён на тыдзень, адсочваючы работу кожнага падраздзялення ўстановы. На той момант (2017 год) за такую работу я атрымліваў у лепшым выпадку каля 450 рублёў. З такімі падачкамі мяне хапіла толькі на год. 

Безумоўна, хацелася ўвогуле сыйсці з сістэмы, але думка аб тым, што ў школе павінны заставацца рацыяльна думаючыя людзі, не дазваляла мне зрабіць гэта. Яшчэ некалькі год я правеў на пасадзе намесніка дырэктара, пасля чаго зноў быў удастоены магчымасці ўзначаліць установу адукацыі. На гэты раз установу агульнай сярэдняй адукацыі, у складзе якой знаходзілася сярэдняя школа і яслі-сад з агульнай колькасцю дзяцей каля двухсот чалавек. На гэтай пасадзе я знаходзіўся з верасня 2020 года. І хапіла мяне толькі на тры месяцы. Чаму настолькі малы тэрмін здолеў вымусіць мяне здацца і стаць па-за межамі сістэмы адукацыі? На гэтае пытанне ў мяне ёсць тры асноўных адказы.

Па-першае, сістэма працуе па экстэнсіўных прынцыпах, дзе галоўнае не якасць, а колькасць. Мой уласны прыклад гэта толькі падцвярджае. Не важна, якая твая кваліфікацыя і ці маеш ты неабходныя кампетэнцыі, галоўнае, каб ты зыкрыў набходныя кадравыя дзіры. І гэта датычыцца амаль ўсіх катэгорыі педагагічнага і тэхнічнага персаналу ў беларускай школе, а падмацоўваецца вельмі нізкімі зарабатнымі платамі, якія у значнай ступені, могуць задаволіць толькі тых людзей, што не могуць знайсці сваё месца больш нідзе з-за нейкіх існуючых патрабаванняў, ці апантаных сваёй справай педагогаў, якія гатовы выкладаць любімы прадмет у любых умовах. Сістэма сярэдняй адукацыі з задавальненнем прымае любыя кадры, ці здавальняецца глыбокімі пенсіянерамі. Спецыялісты з нармальнай кваліфікацыяй у большасці выпадкаў пазбягаюць школы з-за таго, што там ім прыдзецца выконваць тысячы функцый акрамя сваёй асноўнай – выкладання прадмета.

Па-другое, кожны кіраўнік школы – гэта фактычна госць сваёй жа ўласнай установы. Штодзень ён сутыкаецца з тым, што яго школа кожную хвіліну адкрыта для любых правяраючых. З табой ніхто не раіцца, цябе ніколі не папярэджваюць аб тым, што будзе адбывацца “маніторынг”. Не заўжды магчама спланаваць працоўны дзень з-за таго, што да канца не ведаеш, ці прыедзе да цябе сёння чарговая праверка ці не. А праверыць ва ўстанове адукацыі ёсць шмат чаго. Вось спецыялістаў толькі, на жаль, не хапае, каб у поўнай меры выконваць усе патрабаванні заканадаўства. Ну дзе ж у вясковай школе, напрыклад, звычайны загадчык гаспадаркі (як правіла жанчына пенсійнага ўзросту) можа ў поўнай меры адказваць за пытанні аховы працы, супрацьпажарнай бяспекі і г.д. І рабіць усё гэта за няпоўныя 500 рублёў. Такіх яшчэ трэба знайсці і, вяртаючыся да першай праблемы, зразумела, што ўзровень падрыхтоўкі будзе, мягка кажучы, не самым лепшым.

Па-трэцяе, і гэта самае галоўнае. Школа – гэта служка дзяржавы. Кожны педагог або тэхнічны работнік вымушаны на сто адстоткаў падпарадкоўвацца патрабаванням вышэйстаячых дзяржаўных органаў, у тым ліку ў ідэалагічных пытаннях. Хочаш працаваць – уступі ў “Белую Русь”, не жадаеш праблем з кіраўніцтвам – аформі падпіску на “Настаўніцкую газету”, патрэбна нейкая прэмія – пазбірай падпісы за дзеючага прэзідэнта. І, на жаль, большая частка супрацоўнікаў школ да гэтага прызвачаіліся, і лічаць гэта заканамерным. Але для меня гэта непрымальна.

Ілюстратыўнае фота, узятае з адкрытых крыніц.

Лепш заставацца чалавекам і з годнасцю глядзець у вочы сваіх былых супрацоўнікаў, чым вымушаць іх ісці на крокі, якія ўмацоўваюць уладу тых, хто знішчае і катуе беларускі народ. Для мяне з’яўляцца часткай вялікага рэпрэсіўнага механізма аказалася немагчымым. Зараз я сам па сабе. Я не магу вучыць дзяцей, чаго мне вельмі не хапае. Але, прынамсі, не даводзіцца прасыпацца з думкай, што ты памагаты рэжыма. Чаго і жадаю ўсім прыстойным людзям, бо заўжды трэба памятаць аб тым, што для перамогі зла дастаткова как добрыя людзі маўчалі. Не будзем маўчаць.

Міхал БУДАЕЎ