Перамены пачнуцца на тваіх уроках! Праграма "Настаўнік для Беларусі" працягвае новы набор

13.01.2021

Школам таксама патрэбны перамены! І гэтага немагчыма дасягнуць без актыўных, матываваных, мэтанакіраваных, таленавітых людзей. Менавіта таму з'явілася праграма "Настаўнік для Беларусі". І набор удзельнікаў на новы сезон ужо пачаўся. 

"Настаўнік для Беларусі" - праект для тых, хто гатовы змагацца з адукацыйнай няроўнасцю і жадае дапамагчы кожнаму дзіцяці развіць свой патэнцыял. Стаць удзельнікамі (-цамі) могуць не толькі выпускнікі-педагогі і вопытныя настаўнікі: у гэтым годзе праграма стала даступнай для ўсіх людзей з дыпломам аб вышэйшай адукацыі. 

Зараз у рэгіёнах краіны выкладаюць больш за 30 "настаўнікаў для Беларусі", праграма ахапіла літаральна ўсю краіну. Педагогі ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах, хакатонах і фестывалях, эксперыментуюць з дыстанцыйным навучаннем, праводзяць анлайн-летнікі і ставяць спектаклі (апошнія - з удзельнікамі праекта "Праз тэатр", які арганізавала IT-кампанія Вайзор Геймз). 

У гэтым годзе фонд "Новая школа" плануе набраць новых "настаўнікаў для Беларусі", каб пашырыць прысутнасць у рэгіёнах і стварыць унікальныя адукацыйныя магчымасці для большай колькасці дзяцей. 

"Настаўнікі для Беларусі" павінны будуць выкладаць на стаўку на працягу двух гадоў і працаваць над праектам, важным для дзяцей і мясцовай супольнасці. Фонд "Новая школа", заснаваны БПС-Ашчадбанкам, кампенсуе выдаткі на жыллё і гарантуе ўдзельнікам штомесячную стыпендыю ў памеры 250 рублёў. Партнёры праграмы - анлайн-гіпермаркет 21vek.by і EPAM Systems - прадастаўляюць ноўтбукі для работы. 

Другая хваля набору працягнецца да 28 лютага 2021-га ўключна. Даведацца аб падрабязнасцях можна тут - http://teach4.by/uchastnikam, запоўніць анкету тут - http://teach4.by/anketa.

teach4.png