Як прайшлі "Купалаўскія чытанні" ў гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра

11.03.2021

 

“КУПАЛАЎСКІЯ ЧЫТАННІ – 2021”

«Цяжка, ды і немагчыма ўявіць нас, беларусаў, без Янкі Купалы.
Ён наш буквар і энцыклапедыя, песня і сумленне»

Аляксей Пысін

З 15 па 20 лютага 2021 года ізноў “Гімназія імя Янкі Купалы” горада Мазыра гасцінна адчыніла дзверы для ўдзельнікаў і гасцей “Купалаўскіх чытанняў”! У гэтым годзе каранавірус унёс свае карэктывы ў правядзенне ўрачыстага мерапрыемства, таму некаторыя секцыі прайшлі анлайн.

Адкрыты дыстанцыйны конкурс творчых і даследчых работ вучняў праводзіўся пры падтрымцы аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама, Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра з мэтай развіцця творчых здольнасцей вучняў, пошуку таленавітай моладзі, а таксама стымулявання творчай актыўнасці настаўнікаў.

У календары ёсць такое свята – Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага.       Традыцыйна дадзенае мерапрыемства прымеркавана да гэтай даты і дае магчымасць дакрануцца да лепшых здабыткаў нацыянальнай літаратуры і культуры. У гэтым годзе мы расшырылі рамкі мерапрыемства і на працягу ўсяго тыдня (з 15 па 20 лютага) арганізавалі работу секцый.

    Многім хлопцам і дзяўчатам прадстаўлялася магчымасць паказаць свае літаратурныя, мастацкія і інтэлектуальныя ўменні па-беларуску, а дарослым – атрымаць асалоду ад гучання роднага слова.

Штогадовы актыўны ўдзел навучэнцаў і іх настаўнікаў у Купалаўскіх чытаннях сведчыць пра  ўвагу да вывучэння роднай мовы, папулярызацыю беларускай літаратуры і культуры. Гэта радуе ўсіх нас, так як, акрамя школ Мазыра і Мазырскага раёна, на чытанні заўсёды прыязджаюць (а ў сённяшніх умовах каранавірусу толькі даслалі свае работы і ўдзельнічалі анлайн) гімназія г. Веткі, Ельская раённая гімназія, гімназія №1 і №8 г. Жлобіна, Лельчыцкая раённая гімназія, гімназія г. Жыткавічы імя А. А. Ліхоты, Рэчыцкая раённая гімназія, гімназія г. Калінкавічы, гімназія г. Нароўлі, гімназія г. Петрыкава, гімназія г.Чачэрска, Урыцкая сярэдняя школа г.Гомеля, гімназія Светлагорска і многія іншыя.

У гэтым годзе (студзень-люты) спаўняецца 100 год з дня нараджэння вядомых класікаў беларускай літаратуры Івана Пятровіча Шамякіна і Івана Паўлавіча Мележа. А ў лістападзе 2020 года адзначаўся 100-гадовы юбілей з дня нараджэння Андрэя Ягорававіча Макаёнка. І мы, арганізатары чытанняў, не аставілі па-за ўвагай гэтыя даты, таму многія секцыі былі прысвечаны менавіта гэмым падзеям:

  • Секцыя малюнкаў на тэму “Энцыклапедыя жыцця беларусаў у творах І.Шамякіна, І. Мележа, А. Макаёнка” (паказ слайдаў з малюнкамі);
  • Секцыя “Інтэлектуальная” (анлайн-віктарына па тэме “Па старонках жыцця і творчасці І.Шамякіна, І.Мележа, А.Макаёнка”).

 Заданне анлайн-віктарыны было размешчана на гуглдыску, і навучэнцы, заходзячы паспасылцы, павінны былі выканаць работу за 20 хвілін. Віктарына змяшчала ў сабе 30 пытанняў, якія адносіліся да творчасці Макаёнка, Мележа, Шамякіна. Трэба сказаць, што якасць выканання дадзенага задання даволі высокая, што вельмі радуе і дазваляе меркаваць пра высокі ўзровень падрыхтаванасці навучэнцаў.

  • Секцыя “Буктрэйлер” (вучнёўскія рэкламныя відэаролікі па творах І.Шамякіна, І. Мележа, А. Макаёнка).

Буктрэйлер (англ. Booktrailer) - гэта кароткі відэаролік, які распавядае ў адвольнай мастацкай форме аб якой-небудзь кнізе. Мэта такіх ролікаў - рэклама кніг і чытання, прыцягненне ўвагі да кніг пры дапамозе візуальных сродкаў. Аднак буктрэйлер - гэта яшчэ і эфектыўны метадычны сродак, які дазваляе вучням вылучыць галоўнае ў кнізе, перадаць думку з дапамогай медыйных тэхналогій так, каб яна закранула іншых. Пры гэтым дзеці набываюць медыякампетэнцыі, вучацца быць актыўнымі стваральнікамі медыйнай прасторы.

2021 год аб’яўлены Годам народнага адзінства, таму на секцыю “Мой творчы радок” навучэнцы дасылалі свае вершы, эсэ, апавяданні на тэмы “Я, народ, Радзіма”, “Духоўнае адзінства беларусаў”, “Мой Народ, мая Радзіма”.

Журы конкурсу вельмі ўражана тым, наколькі змястоўныя, цікавыя, прафесіянальныя творы дасылаюць установы адукацыі на конкурс. Па выніках “Купалаўскіх чытанняў” самыя лешыя работы будуць надрукаваныя ў нашым зборніку, з якім вы можаце зараз пазнаёміцца.

Такім чынам, намі была пастаўлена задача на працягу тыдня так арганізаваць свята, каб да беларускасці змог дакрануцца кожны вучань і настаўнік. Мерапрыемства паказала, што беларуская мова не толькі жыве, але і натхняе моладзь на розныя творчыя ініцыятывы. Дыпломамі адзначаны дзясяткі канкурсантаў. Па выніках чытанняў будзе выдадзены зборнік творчых работ. Але галоўнае, для чаго было арганізавана гэта свята — выхоўваць у падрастаючага пакалення нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, цікавасць да культурнай спадчыны народа, гісторыі, роднай краіны.

Саланкова Ганна Мікалаеўна

Гімназія імя Я.Купалы, г. Мазыр,

solonkova2010@yandex.by