Клуб Імагуру зачыняюць

20.04.2021

Клуб Імагуру зачыняюць. Гэта было самае ўтульнае для настаўнікаў месца, настаўнікам заўсёды там былі радыя. Там прайшлі першыя канферэнцыі Актыўнай ацэнкі, там былі Фестывалі медыяадукацыі, там настаўнікі праводзілі інтэлектуальныя навучальныя гульні, куды запрашалі ўсіх ахвочых (дарэчы, перамагла аб'яднаная каманда журналістаў "Настаўніцкай газеты" і "Новага часу"), там праводзілі майстар-класы і ўзнагароджвалі дыпломамі вучняў, якія рабілі адукацыйныя праекты "Лаві фэйк!", там прайшоў знакаміты круглы стол па выніках PISA, дзе ўпершыню агучылі праблемы адукацыі, узятыя не з галавы, а з прэстыжных міжнародных даследаванняў. Нарэшце, там Таварыства беларускай школы разам з маладымі бізнесоўцамі з Мінскага Хаба Global Shapers заснавала Ecamp Belarus - праект, які развіваецца і жыве самастойным жыццём. Вось відэа шчаслівых настаўнікаў 
Бывай, наш родны Імагуру! Будзем зноў назапашваць педагагічныя ідэі, якімі потым падумаем, як і дзе падзяліцца.