Мікалайкі
Валянціна АКСАК
1
Добры вечар, дзед Мікола!
Станавіся ў наша кола!
Танчы з намі, весяліся!
Нашым талентам дзівіся!
2
Дзед Мікола, будзь ласкавы,
Нахініся да мяне,
Я шапну табе на вушка,
Дзе тут котачка жыве.
Казкі-байкі нам вуркоча
І сцягнуць кіўбаску хоча.
3
У дзядулі Мікалая
Забалелі ножкі.
Пакладу яго ў пасцельку,
Хай спачне ён трошкі.
4
У святога Мікалая
Барада зусім сівая.
Я вазьму ў матулі фарбы,
Размалюю дзеда файна.
5
Добры дзед наш Мікалай,
За свавольства не карай.
Мы не будзем больш дурэць,
Толькі ў мех дай паглядзець.
6
Нёс дзядуля Мікалай
Дзецям падарункі,
Але й мы яму дамо
Трошкі пачастункаў.
7
У дзядулі Мікалая
Ёсць скарбонка залатая,
Там ляжыць малы Хрыстос,
Ён народзіцца вось-вось.
8
Хто да нас прыйшоў у госці
І прынёс у торбе штосьці?
Гэта нейкі дзед чужы.
Можа ад яго збяжым?
Не, чакайце, мо дарэмна
Мы яго баімся? Пэўна,
Добры ён, ласкавы,
Падарункі для нас мае,
А завецца Мікалаем.
9
Мы гулялі, мы скакалі,
Малявалі і чыталі,
Елі кашу, пілі сок
І палеглі на бачок.
Раптам хтосьці ў дзверы
Тут-тук-тук,
А ці тут жыве Сяржук?
Мо і Наста тут жыве?
А Ганулькі ажно дзве?
То ж яны мне напісалі,
Што па мне засумавалі.
Цэлы год чакалі,
Нават вершы склалі.
Ой, дзядуля Мікалай,
Як мы рады, ай-яй-яй!
Мы цябе вітаем,
На гасціны запрашаем!
10
Святы Мікалай,
Хадзі з намі пагуляй,
Малых дзетак палюляй,
Ну а большым цацак дай!
Дай яшчэ цукерак
Для малых паненак,
А маленькім панічам
Дай чароўнага мяча,
Каб яны ў футбол гулялі,
Лепш за Глеба і Ранальда.
11
Жылі-былі на свеце дзеці,
Такія бедныя зусім,
Што не было чаго ў іх есці,
І сумна ім было ўсім.
Але аднойчы ў дзень святы,
Ім хтось паклаў на стол тарты,
Салодкіх булак, мандарынаў,
Бананаў, яблык і малінаў.
А хто зрабіў такі ім цуд,
Што стаў багатым бедны кут?
Чароўны дзед, святы Мікола,
Ён не пакіне нас ніколі.
12
У святога Мікалая
Поўна ў торбе караваяў,
Ён нясе іх добрым дзецям,
З краю ў край па цэлым свеце.
І да нас ён завітаў,
І паважна ў хаце стаў.
Хоча бачыць, як мы любім
Сваіх міленькіх матуляў,
Свой чароўны родны край,
Што стварыў нам Бог, як рай.