Дзённік настаўніцы. 25 сакавіка

Ганна Севярынец
25.03.2022

Другі дзень запар у мяне незразумелы добры настрой:) Нібыта тая ўчорашняя варона нешта выклевала з маёй беднай галавы:) Шмат смяюся, іншы раз ажно рагачу, сцягалі з калегамі пяціклашак у гістарычны музей (якія там цяпер файныя экскурсіі! ідзіце з дзецьмі на канікулах, нават можна сабрацца кампаніяй і замовіць квэст, нашы дзеці былі вельмі ўражаныя). Увечары ажно стамляюся ад унутранага аптымізму - аказваецца, гэта энергазатратна.

На хвалі гэтага незразумелага аптымістычнага настрою прыдумала ўчора для дзясятага класа праект па матывах іх кантрольных сачыненняў. Нагадаю, там яны выказвалі шмат розных ідэй наконт папулярызацыі беларускай літаратуры. Таму ўчора мы падзяліліся на каманды: кожная падрыхтуе які-небудзь прадукт, альбо відэа, альбо медыя, альбо лекцыю для малодшых па сучаснай літаратуры. Вырашыла не даваць ім спіс сучасных аўтараў і модных кніжак, а даць ім спасылкі на рэсурсы, дзе такія кніжкі можна адшукаць - і выбраць нейкую для прасоўвання.

І тут мяне чакала неспадзяванка:))

Дзеці гарталі сайты кніжных інтэрнэт-крам, сайт Гедройца, чыталі водгукі на кніжных агрэгатарах, канал Белліт, Белліт і мемы ў ВК, адным словам, вывучалі самыя папулярныя крыніцы наконт сучаснай літаратуры, каб знайсці сабе кніжку для праекта.

Самая актыўная і натхнёная каманда шумела больш за ўсіх, спрачалася, гугліла і перагуглівала, і нарэшце са шчаслівымі тварамі аб'явіла свой выбар.

Ніколі не здагадаецеся:) Таму і я не буду вас мучыць пытаннем, а адразу дам адказ:))

З усіх беларускіх кніжак метадам самастойнага пошуку і вывучэння сеціва яны абралі "СЭРЦА НА ДАЛОНІ":)))

Не стала ім казаць, што яно ў нас у праграме і я планавала яго адтуль выкінуць:)