Дзённік настаўніцы. 20 красавіка

Ганна Севярынец
20.04.2022

Прайшлася сёння па лязе брытвы, размаўляючы з адным хлопчыкам.

Абмяркоўвалі "Ноч у Лісабоне", і ён раптам кажа: "Усё ж такі чалавечае жыццё - самая вялікая каштоўнасць, і таму галоўны герой меў права стаць фашыстам, каб уратавацца ў Германіі. Спакойна перажыў бы вайну, а потым кінуў бы іх, знайшоў нармальную работу, а не вось гэта вось усё. Асабліва калі б фашысты перамаглі, тут бы яму наогул было б нармальна".

Тут я папярхнулася, укусіла сябе за язык, каб не кінуцца ў маралізатарства і лозунгі, нябачна перажагналася і ступіла на тонкі лёд.

- Ну, у прынцыпе, калі ўласная мараль дазваляе....

- Дазваляе! - упэўнена сказаў хлопчык, узрадаваны магчымаму ратаванню. - Тым больш што ў трыццатыя гады ў Германіі шмат хто верыў Гітлеру і не ішоў супраць сваёй маралі.

- Добра. Мараль наогул прыдуманая рэч, штучная, можам і адмовіцца, чаго ўжо там. Давай пралічым гэтую стратэгію. Ты не далучаешся да антыфашыстаў, наадварот, уступаеш у НСДАП. І тут вайна, фронт...

- Не, на вайну я не пайду, бо мая найвышэйшая каштоўнасць - маё жыццё. Давайце я - інвалід.

- Хм. Ну добра, давай. Усе здаровыя пайшлі на фронт, а ты адкрываеш і закрываеш венціль у Аўшвіцы.

- Не, ну калі я буду бачыць на свае вочы, што людзі ідуць у газавую камеру...

- А ты не будзеш бачыць. Там каморка такая, закрыта ўсё. Ты проста па часах: адкрыў, закрыў, адкрыў, закрыў. Спецыяльна зроблена, каб ты не бачыў.

- Ух ты, як прадумана! Тады а што тут такога. Папрацую.

- Так, там не дурні газавыя камеры будавалі, улічылі момант сумлення як бы... Ну от ты ўсю вайну адкрываў-закрываў...

- Ну так, а потым звольніўся і ўсё. Я ж не вінаваты. Я, можа, і не ведаў, што там і як. Пайду на нармальную работу.

- А на якую?

- Ну дамы буду будаваць, аднаўляць пасля вайны. Харошая праца. Ці там гандляваць.

- А яшчэ?

- Ну нармальна буду жыць. Сям'я, дзеці.

- І тут, - кажу я яму, - аднойчы твой сын пытаецца: тата, а што ты ў вайну рабіў?

- Ммммм... Скажу, што нічога.

- А ён у іншых спытаецца, і яму скажуць рана ці позна, што тата ягоны венціль адкрываў-закрываў.

- Хто скажа?! Пры чым тут мой сын? Ён што, павінен за мяне адказваць? Дзеці не адказваюць за сваякоў! Хто паспрабуе яго за гэта цкаваць, я ў суд падам! - хлопчык моцна злуецца.

- Дык ніхто не будзе цкаваць. Проста ты з дзяцінства яму будзеш кніжкі пра дабро чытаць, выхоўваць, заўвагі там усялякія рабіць наконт паводзінаў, а тут бац - і тата венціль адкрываў. А?

Хлопчык, злюшчы, маўчыць. Потым перастае злавацца.

- Дык і што мне рабіць?

- Ну не ведаю. Гэта ж не я рабіла выбар. Давай вернемся у тую кропку, калі нешта пайшло не так.

Хлопчык маўчыць, падымае бровы, нешта прыкідвае. Так і кінула яго без маралі. А на дом у іх эсэ: "Якія ўрокі я мог бы вынесці з кнігі Рэмарка, калі б яна чаму-небудзь вучыла". Няхай падумае.

Харошая кніжка "Ноч у Лісабоне".

 

 

...

Перасаджвала з раніцы памідоры і думала пра тое, што ў гэтым нашым "не высоўвацца", "прамаўчаць", "абы не было вайны", "па-за палітыкай", "перачакаць" - няма насамрэч нічога асабліва ганебнага, і нашы цяперашнія "абыякавыя", цалкам магчыма, не ёсць нашчадкамі паліцаяў і энкавэдзістаў якраз, як іх любяць закляйміць, а ёсць нашчадкамі герояў, якія за сваё жыццё ў гэтай краіне паспявалі пасядзець у турмах не адзін, а некалькі разоў, пры любой ўладзе.

Калі пачынаюцца нейкія ярлыкабельныя размовы, кшталту, рускія такія, украінцы гэткія, а беларусы распрагэткія, я думаю: ого. Дзіва яшчэ, што тыя беларусы жывуць.

Заўсёды выклікала ў мяне абурэнне знакамітая фраза Ларысы Геніюш наконт Уладзіміра Дубоўкі: маўляў, чаму гэта ён такі паламаны, у ягоных апошніх вершах чуецца не моц, а сум, гэта нецікава. І тады міжволі пачынала я вымяраць іхныя лёсы, што, канешне, дурная справа, але між тым: восем геніюшаўскіх год у Гулагу і дваццаць восем - Дубоўкавых, жывы сын Ларысы Антонаўны і загінулы - Дубоўкаў. Моц - гэта добра. Але бывае, што застаецца толькі сум.

Памятаю, як у мяне адняло мову аднойчы ў Смалявіцкай бібліятэцы. Ну, ведаеце ж гэтыя раённыя бібліятэкі. Абняць і плакаць. Прывяла неяк туды дзяцей, проста каб ведалі, дзе бібліятэка. А дзеці ж у мяне звычайна культурныя і хадзіць па культурных месцах умеюць, ад чаго супрацоўнікі культурніцкіх устаноў моцна расчульваюцца. Дык бібліятэкарка - звычайная цётухна такая, хіба мы такіх заўважаем - дастала раптам з ніжняй шуфляды альбом з уласнай калекцыяй купюр, ад кацярынак да зайчыкаў, і пачала дзецям расказваць - а за кожным грошыкам такая сямейная гісторыя, што кніжкі на паліцах саромеюцца і раўнуюць. Яна расказвала пра сваю калекцыю так цікава, так натхнёна, так ёміста, што я праглынула язык, я так расказваць не ўмею.

А потым забегла неяк у бібліятэку пазнаёміцца з ёй бліжэй - і не пазнала сярод іншых. Як і не было.

Як я не герой па сваім характары, і мне бліжэй агарод і школка, чым вуліца і плошча, дык я баюся, ці не ператваруся і я бліжэйшым часам у звычайную беларускую цётухну, якую цікавяць толькі касмеі пад вакном і памідорная рассада.