Пайшла з жыцця Аляўціна Вячорка

26.06.2022

Аляўціна Сямёнаўна Вячорка была па адукацыі настаўніцай і была сапраўдным сябрам Nastaunika.info і Таварыства беларускай школы. Не фармальным, а такім, пра якіх пяе Сяржук Сокалаў-Воюш у сваёй песні "Нефармальны беларус".  Яна клапацілася, каб кожная кніжачка, выдадзеная настаўнікамі, трапіла ў фонды бібліятэк, рассылала, разносіла і прыстройвала іх уласнаручна. Аляўціна Сямёнаўна пільна сачыла,  каб кожны артыкул у газетах ці часопісах пра адукацыю не быў па-за ўвагай настаўніцкай супольнасці, якая гуртавалася вакол ТБШ. Яна мела талент знаходзіць добрых педагогаў па ўсёй Беларусі і прасіла, каб мы далучалі іх да справы. Аляўціна Сямёнаўна была вельмі сціплай, запрасіць на якую публічную імпрэзу яе было вельмі складана. Хіба ў коле сяброў яна раскрывалася, і тады мы бачылі яе эрудыцыю, розум, жыццёвую мудрасць. Педагагічны талент яна перадала сваім дзецям - Алене і Вінцуку, якія былі настаўнікамі-зоркамі  ў Нацыянальным Гуманітарным Ліцэі імя Я. Коласа.
А яшчэ ў яе была самая шчырая ўсмешка са зморшчынкамі-смяшынкамі. Такая бывае толькі ў вельмі добрых людзей. 

Аляўціны Сямёнаўны Вячоркі не стала 26-га чэрвеня 2022 года.  
Вечная памяць і спачуванні родным: Вінцуку, Алене і ўнукам. 

Nastaunik.info