Пра новыя правілы паступлення ў вну 10 кастрычніка расказалі на беларускім тэлебачанні. Так, выпускнікі 2023 года не будуць здаваць звыклае ЦТ. Замест яго — два цэнтралізаваныя экзамены і профільны іспыт непасрэдна ў вну.
Першы экзамен — руская ці беларуская мова на выбар. Другі — профільны ў залежнасці ад спецыяльнасці. Вынікі гэтых іспытаў будуць залічаныя ў атэстат. Па яго сярэднім бале па-ранейшаму будуць выдаваць сертыфікаты. Адначасова вынікі экзаменаў будуць пераведзеныя ў 100-бальную сістэму замест ЦТ.
Асобна ўводзіцца ўступнае выпрабаванне ў самой вну — профільны экзамен, які будзе праходзіць у два этапы: спачатку выкананне заданняў, а пасля сумоўе па выніках абітурыента.
ТБ-канал «Беларусь 1» цытуе словы начальніка галоўнага ўпраўлення Міністэрства адукацыі Беларусі Сяргея Каспяровіча:
«Ва ўніверсітэты ў час ікс прыходзяць заданні з Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Заданні з базы ЦТ, але ўжо, скажам так, трэцяга-чацвёртага ўзроўню складанасці. Камісія ацэніць правільнасць. Але, уласна кажучы, тут важна разумець двухэтапнасць. І гэта галоўны момант. Другі этап — гэта сумоўе з кожным абітурыентам па выніках выкананых заданняў. І адна гісторыя, калі там правільны адказ. То бок тут неабходна толькі будзе выкласці сутнасць, разуменне тэарэтычных аспектаў, звязаных з рашэннем дадзеных заданняў. Плануецца, што будуць ацэньвацца і матывацыйныя аспекты выбару абітурыента ў рамках той ці іншай групы спецыяльнасцей або спецыяльнасці».
Таксама паведамляецца, што ЦТ захаваецца для тых, хто будзе паступаць ва ўніверсітэты не адразу пасля школы. Тэрмін дзеяння сертыфікатаў — два гады. Змены ўступяць у сілу пасля падпісання адпаведнага ўказа.
Крыніца: https://www.tvr.by/news/obshchestvo/vypuskniki_2023_goda_ne_budut_sdavat...
Прапанаваная мадэль выпускных і ўступных іспытаў выклікае шмат пытанняў не толькі ў плане яе мэтазгоднасці ва ўмовах гістарычнага мінімума абітурыентаў, але і магчымасці яе эфектыўнай арганізацыі. Навошта так напружваць адукацыйную сістэму? Вяртанне ўнутранага экзамену ў вну зноў ставіць пытанне з'яўлення карупцыі, якое было амаль цалкам вырашана падчас здачы абітурыентамі ЦТ. Ці будуць знаходзіцца ў роўных умовах пры паступленні выпускнікі 2023 года і абітурыенты, якія будуць здаваць ЦТ?
І напрыканцы, галоўнае: нават павярхоўны аналіз новаўвядзенняў паказвае, што новая мадэль экзаменаў значна скарачае магчымасці выбару асобай пажаданай адукацыі. І ўсё гэта ў той час, як замежныя вну прапануюць паступаць па атэстату, падаваць дакументы адразу на некалькі спецыяльнасцей, у розныя вну.