Спачатку чытаць, потым глядзець? Ці наадварот?

Гэты пост выклікаў актыўнае абмеркаванне ў суполцы настаўнікаў Медыяадукатар у фб. Дзелімся допісам і распрацоўкай кінаклуба "Дзікае паляванне караля /Стаха" (аўтары А.Палейка і Г.Давідоўская).

 

Добры вечар, спадарства.
Сёння хачу падзяліцца распрацоўкай кінаклуба для школьнікаў па Дзікім паляванні караля Стаха па Караткевічу. У мінулым годзе з Галінай Давідоўскай распрацавалі воркшоп для настаўнікаў "Якой мовай кіно гаворыць з намі?" на кейсе гэтага фільма. Воркшоп паспяхова абкаталі на курсах падвышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Але мне заўсёды хацелася правесці кінаклуб па Дзікім паляванні са школьнікамі. І вось на гэтым тыдні (а позняя восень самы час для Дзікага палявання) акурат на Хэлуін я яго і правяла (прыйшлося поўнасцю перагледзець матэрыялы настаўніцкага воркшопа і зрабіць адаптацыю для падлеткаў). Я вельмі хвалявалася напярэдадні, бо з дзецьмі такога ўзросту (васьмікласнікі) я апошні раз працавала ў мінулым ... тысячагоддзі (яшчэ да ліцэя і інстытута). Але ўсё атрымалася: дзеці захапіліся таямніцамі і містычнай атмасферай фільма, а я - дзецьмі.

Парады:
Правадзіць кінаклуб лепш у суботу - шосты дзень заняты карыснай і цікавай справай і можна не спяшаючыся ўсё паглядзець і спакойна абмеркаваць. Цікавей за ўсё працаваць з падлеткамі да таго, як яны прачытаюць аповесць У.Караткевіча (хаця, успамінаючы воркшоп з настаўнікамі, скажу, што гэта не так і важна).
Перад правядзеннем кінаклуба настаўніку трэба паглядзець фільм (лепшая якасць на ютуб-канале Беларусьфільма, спасылкі ў прэзентацыі) і натхніцца. Потым паглядзець матэрыялы і прэзентацыю і падкарэктаваць сцэнарый да свайго бачання.

Я інтрыгавала жанрам містычнага трылера, кадрамі, мантажом, сюжэтам, Блакітнай жанчынай, Малым чалавекам і Дзікім паляваннем. На самым цікавым месцы зрабіла стоп-кадр і запыталася дзяцей, чым скончыцца фільм.
Прагнозы былі такія:
- Беларэцкі будзе шукаць спосаб зняць з Яноўскай праклён, але яна памрэ, а праклен пяройдзе на яго...
- Усе сталі думаць і шукаць, як перамагчы Дзікае паляванне, але высветлілася, што гэта сапраўды прывіды... і цемра апусцілася назаўседы...
- Беларэцкі знойдзе спосаб перамагчы Дзікае паляванне, выратуе Яноўскую, але сам загіне...
- Іншыя героі - Варона і Дубатоўк - дапамогуць перамагчы Дзікае паляванне...
Во так вось. Для школьнікаў была шокам кульмінацыя і развязка трылера.
Яшчэ былі і кур'езныя моманты. Пасля работы з кадрам (там за сталом сядзяць Беларэцкі, Дубатоўк і над імі стаіць Варона), а трэба было апісаць хто ў кадры, што робяць, хто адмоўны герой і а хто станоўчы (Варону западозрылі, што хоча атруціць харошых герояў - рука над бакалам і ў чорнае апрануты) - я дала паглядзець гэты эпізод. Ну ўсе сталі распавядаць пра свае ўражанні ад герояў і іх дзеянняў, а адна дзяўчынка стала распавядаць пра сабаку (падрабязна так, характэрызуючы пароду). Лерачка, запытваюся, якая-такая сабака, чаму сабака? Дык там у кадры прабегла гончая ці барзая, я спецыяльна потым пароду падгугліла ...
Вось так. Працуем.
Матэрыялы тут: Можна спампоўваць! Карэктаваць, адаптаваць, дапрацоўваць - абавязкова.
Крыніца: https://www.facebook.com/groups/medyaadukatar/posts/4952425008192335/

Матэрыялы можна спампаваць тут: https://drive.google.com/drive/folders/14e-jWUo872bmD1sI4tIO0z5jir6KKfxq?usp=sharing