Алесю Лозку - 70. Віншуем юбіляра

10.01.2023
Алесь Лозка

Сёння, 10 студзеня, спаўняецца 70 год Алесю Лозку - педагогу, грамадскаму дзеячу, фалькларысту, бяззменнаму з 1999 года старшыні ліквідаванага летась у Беларусі «Таварыства беларускай школы». 
Нехта заўважыў, што цяпер час нябачных герояў. У Беларусі гэта дакладна так, бо пра Алеся пакуль няма артыкула ў вікіпедыі, ягоныя кнігі ацэненыя толькі  фалькларыстамі,  настаўнікам і бацькамі, якія гадуюць дзетак па-беларуску, ды і пра Таварыства беларускай школы, якое існавала больш за 20 год дзякуючы Алесю, амаль нічога не было чуваць. Большасць беларусаў  і не здагадваецца, што пад крылом ТБШ шмат год працаваў Коласаўскі ліцэй, ладзіліся фальклорныя фестывалі, былі напісаныя дзясяткі падручнікаў і дапаможнікаў для настаўнікаў, гуртаваліся краязнаўцы, віталіся любыя ініцыятывы настаўнікаў, рабілася метадычная рэвалюцыя ў сярэдняй школе. 
Некалі, калі зменяцца часы, мы пачуем пра ўсе тыя тытынічныя высілкі і нямалыя вынікі, якія дасягнула ТБШ пад кіраўніцтвам Алеся Лозкі і ягонае імя будзе ў энцыклапедыях, бо Алесь Лозка зрабіў для Таварыства беларускай школы  і робіць цяпер не менш, чым ягоны заснавальнік Браніслаў Тарашкевіч.  


Дарагі Алесь! 
Зычым Вам моцнага здароўя. Няхай жыве беларуская справа, якую Вы робіце! Няхай жыве новая школка, якую Вы стварылі для беларускіх дзетак!
Няхай хутчэй загляне сонца ў нашае ваконца!
Nastaunik.info