У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ідзе прыёмная кампанія 2023/24 навучальнага года

09.05.2023
24 красавіка Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) абвясціў аб старце прыёмнай кампаніі 2023/24 навучальнага года і наборы на бакалаўрскія і магістарскія праграмы. Прыёмная кампанія працягнецца да 10 ліпеня.
Заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе, сёння Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт размешчаны ў Вільні і ўяўляе сабой міжнародны ўніверсітэт, у якім навучаюцца больш за 1000 студэнтаў з 15 краін – Беларусі, Украіны, Расіі, Балтыйскага рэгіёну, Цэнтральнай Азіі і інш.
Місія ЕГУ – садзейнічаць развіццю грамадзянскай супольнасці праз гуманітарныя навукі і свабодныя мастацтва. Прапаноўваючы навучанне па мадэлі liberal arts, ЕГУ асаблівую ўвагу надае развіццю міждысцыплінарных ведаў, крытычнага мыслення, крэатыўнасці і інтэлектуальнай гнуткасці, што дазваляе ў поўнай меры раскрыць акадэмічны і крэатыўны патэнцыял студэнтаў. Спалучэнне фундаментальных гуманітарных ведаў і практычных навыкаў, традыцыйных фарматаў навучання і інавацыйных падыходаў робіць адукацыйны працэс у ЕГУ ўнікальным досведам.
«Універсітэт мае намер і далей ствараць спрыяльныя ўмовы для набыцця студэнтамі каштоўнага акадэмічнага і даследчага вопыту, спрыяць фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі будучых прафесіяналаў, садзейнічаць міжкультурнаму дыялогу і распаўсюджванню ідэалаў свабоды, міру і дэмакратыі ў рэгіёне» – адзначае рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта прафесар Кшыштаф Рыбіньскі.
 
У 2023/24 акадэмічным годзе ЕГУ ажыццяўляе набор на праграмы вочнага і завочнага бакалаўрыяту: «Візуальны дызайн», «Еўрапейская спадчына», «Інфарматыка», «Медыя і камунікацыя», «Сусветная палітыка і эканоміка», «Права», «Тэатральнае мастацтва і акцёрская ігра».
У рамках другой ступені адукацыі можна асвоіць такія магістарскія праграмы (змяшаная форма навучання), як «Візуальная пластыка», «Гендарныя даследаванні», «Публічная палітыка», «Развіццё культурнай спадчыны». Акрамя таго, з 2023/24 навучальнага года ЕГУ запускае яшчэ адзін напрамак падрыхтоўкі – «Міжнароднае гандлёвае і бізнес-права». Новая праграма разлічана на адзін акадэмічны год (два семестра); выпускнікі, якія паспяхова здалі выніковы экзамен, атрымаюць дыпломмагістра права (LL.M.).
Навучанне ва ўніверсітэце вядзецца на англійскай, беларускай і рускай мовах. ЕГУ прадастаўляе адукацыйныя паслугі на камерцыйнай аснове. Аднак ва Універсітэце прадугледжана гнуткая сістэма грантаў (поўнае (100%) і частковае (50%) пакрыццё кошту навучання), што выдзяляюцца абітурыентам і студэнтам на падставе партфоліа (улічваюцца акадэмічныя, творчыя і іншыя дасягненні). У рамках прыёмнай кампаніі гэтага года партфоліа абітурыентаў прымаюцца да 7 ліпеня.
Падрабязная інфармацыя аб парадку паступлення ў ЕГУ даступная ў спецыяльным раздзеле сайта Універсітэта https://ru.ehu.lt/postuplenie/