Аднойчы мы – я, мая траюродная сястрычка Каця з Лунінца і мамусік – паехалі ў экспедыцыю пракладаць маршрут для адной амбітной экскурсіі. Я паспела правесці гэтую экскурсію толькі аднойчы, яна была надзвычай эксперыментальная і ледзь не правалілася, але я ведаю, што гэта была найлепшая праграма з усіх маіх праграм: Менск - Петрыкаў - Навасёлкі - Любань - Таль - Мар'іна Горка - Менск. Мы тады цалкам паўтарылі жыццёвы шлях Алеся Дудара – і разам з ім шлях маладой рэспублікі: перадрэвалюцыйныя рэформы, Слуцкае паўстанне, меліярацыя, калгасы, коксыгыз, міжваенныя мары, рэпрэсіі.
Але тады мы яшчэ толькі пракладалі маршрут, я прыкідвала кірунак, час, аб'екты, тэмы, музеі на шляху, адным словам – экспедыцыя ў невядомасць.
У нас тады звар'яцеў навігатар, на Любаншчыне мы моцна заблукалі, выехалі пад Глускам, сталі адтуль выбірацца нейкімі вясковымі гравійкамі, і ў выніку апынуліся ў густым сасновым бары наогул без дарогі ў белым палескім пяску.
Машына захрасла, куды ехаць і як - невядома, пясок пад коламі пакрысе цягне нас уніз, на дно Герадотава мора, дзень хіліцца да вечара, а нам шчэ трэба ў Навасёлкі, Петрыкаў – і ў Лунінец.
Мы ўтрох – дзяўчаты непалахлівыя і рашучыя, але тут сталі кожная ўнутры хвалявацца. Звонку спакойныя, канешне, але градус панікі расце і расце. Навокал нікога, лес і пясок, інтэрнэту няма, дапамогі чакаць няма адкуль. Мы нават не разумелі, дзе мы, ведалі толькі, у якім баку Лунінец, дзе нас чакалі бацькі нашай Каці.
Паспрабавалі мы і машыну штурхаць, і пад колы вецце кідаць, і на горку бегаць, каб угледзець цвёрдую дарогу, і вось калі надзея нас зусім пакінула – Каця з апошніх сіл усміхнулася і сказала тую фразу, якую я цяпер часта ўспамінаю:
– З кожным сантыметрам мы ўсё бліжэй да майго таты.
Канешне, за трыста кіламетраў ад яе таты гэтыя сантыметры гучалі не вельмі аптымістычна, нават зусім не аптымістычна, але нам дапамагло. Па сантыметры сталі мы выцягваць машыну, перамагаючы белы пясок, а праз колькі хвілін з лесу выйшаў нейкі дзядзька, падналёг плячом і махнуў нам у бок дарогі, якая пачыналася літаральна праз сотню метраў.
З кожным сантыметрам мы па-любому бліжэй да святла.