Віншуем з Днём ведаў!

01.09.2023

Шаноўныя педагогі, бацькі і навучэнцы!

1 верасня мы адзначаем Дзень ведаў і гэта свята тычыцца ўсіх - у Беларусі 11 працэнтаў працаздольнага насельніцтва працуе ў адукацыі, але ў кожнага з нас нехта з родных ці вучыцца, ці вучыць.

Веды – гэта ўніверсальная каштоўнасць, якая ўсіх звязвае:

  • Звязвае розныя пакаленні.
  • Звязвае прыватныя інтарэсы і дзяржаўныя.
  • Звязвае інтарэсы бізнесу і грамадзянскай супольнасці.

Веды – гэта ключавое слова сучаснага свету. Гэта ключ да годнага і цікавага жыцця кожнага чалавека – усе бацькі хочуць, каб іх дзеці атрымалі якасную адукацыю і сталі добрымі людзьмі і кваліфікаванымі спецыялістамі ў той ці іншай сферы.

Веды – галоўная падстава для плённага міжнароднага супрацоўніцтва ў любой сферы. Веды з'яўляюцца ключом да таго, каб наша краіна магла на роўных удзельнічаць у глабальным прадукаванні ведаў і навуковых тэхналогій.

Веды – фундамент дабрабыту грамадства ў сучасным свеце. Краіна развіваецца – эканамічна і інтэлектуальна, калі маторам бізнесу і прадпрымальніцтва выступае «эканоміка ведаў».

У дзяржаве, дзе галоўнымі прыярытэтамі з'яўляюцца развіццё і творчасць, настаўнікі, выкладчыкі і вучоныя атрымліваюць годныя зарплаты. Так абавязкова мусіць быць і ў Беларусі. Чым хутчэй, тым лепей.
Дзень ведаў – гэта яшчэ і свята, якое дае надзею. Таму што для тых, хто імкнецца да ведаў і да таго, каб дзяліцца ведамі, галоўнай каштоўнасцю з'яўляецца праўда.1 верасня застаецца святочным днём, таму што большасць беларусаў і беларусак ведае і шануе праўду, якая робіць нас і нашых дзяцей людзьмі, а наш свет – чалавечым: аб'ектыўнасць педагога, цікаўнасць дзіцяці і вучонага, творчае ўяўленне мастака, здольнасць да сумеснага пошуку ісціны і захопленай дыскусіі. Менавіта гэта пакідае надзею на лепшую будучыню для нашай краіны.
Педагогі і бацькі! Сёння перш за ўсё ад вас залежыць, ці будзе ў нашых дзяцей магчымасць зразумець сапраўдную каштоўнасць ведаў.
Са святам усіх нас! З Днём ведаў, з Днём надзеі!