Лепшы спосаб матываваць дзяцей на вучобу — даць магчымасць вучыцца цікава, бо цікавае запамінаецца лягчэй. Прапануем падборку ад BUDZMA праектаў на ютубе, якія дапамогуць засвоіць школьную праграму або стануць карысным дадаткам да яе.
Янахімічыла
- Хто робіць? Аўтарка канала — Яна Карслян. Яна нарадзілася ў Гомелі, а ў 2020 годзе скончыла дактарантуру па хіміі ў ЗША, дзе зараз жыве і працуе. Яна кажа, што хімія ў нас паўсюль і ў любым звычайным працэсе. Гэта і натхніла на стварэнне праекта.
- Пра што відэа? Пра складаныя рэчы простымі словамі. Навуковую мову аўтарка перакладае на чалавечую і тлумачыць хімічныя рэакцыі праз простыя рэчы. Напрыклад — што будзе, калі пакласці часнок у шкарпэткі. Або які вынік нас чакае, калі злучыць жуйку і шакалад. Пра ўсё гэта можна даведацца на канале.
- Каму глядзець? Усім, каго захапляе сусвет хіміі.
English з Наталкай: урокі ангельскай па-беларуску
- Хто робіць: Пісьменніца і выкладчыца Наталка Харытанюк. У 2007 годзе на філалагічным факультэце БДУ Наталка абараніла магістарскую дысертацыю па творчасці Джуліяна Барнза, а пасля выкладала ангельскую ў Беларускім Дзяржаўным Універсітэце, на курсах у школе замежных моў Streamline, а таксама дае прыватныя ўрокі.
- Пра што відэа? Гэта той самы школьны інгліш і тыя самыя школьныя «юніты», але патлумачаныя проста, цікава і па-беларуску. Пасля праглядаў вы зможаце расказаць па-ангельску не толькі пра «лондан іс зэ кэпітал», але і пра беларускія лясы і вожыкаў з-пад возера Нарач, і нідзе не памыліцеся ані ў суфіксах, ані ў артыклях! Кожны ўрок англійскай мовы з Наталкай, няважна гэта граматыка ангельскай мовы ці лексіка, пераўтвараецца ў натхняльнае падарожжа!
- Каму глядзець? Вучням 5-ых класаў. Відэаўрокі складзены ў адпаведнасці з праграмай паводле беларускамоўнага падручніка Лапіцкай. Аднак карысна будзе не толькі пяцікласнікам, але і школьнікам малодшых і сярэдніх, а нават і старэйшых класаў, бо на простых і цікавых прыкладах заўсёды можна падцягнуць свой інгліш.
Альгерд ужо ня той
- Хто робіць? Вядучы падкаста — настаўнік гісторыі, блогер і стваральнік платформы Litara-A Дзяніс Бурко.
- Пра што відэа? На канале можна знайсці займальныя ўрокі па гісторыі Беларусі ў адпаведнасці са школьнай праграмай. У выпусках распавядаюць пра беларускую гісторыю, раскарываюць яе цікавыя і незвычайныя факты ды разважаюць, навошта нам увогуле патрэбна ўсё гэта ведаць. Раім падпісацца і на instagram праекта — там яшчэ больш цікавага і гістарычнага.
- Каму глядзець? Мэтавая аўдыторыя — школьнікі 5-6 класаў, бацькі і іх настаўнікі.
У ларчыку
- Хто робіць? Каманда энтузіястаў, якія мараць пра тое, каб беларускія дзеткі ведалі сваю мову і гісторыю сваёй краіны.
- Пра што відэа? Пазнавальна-забаўляльная праграма пра гісторыю Беларусі выходзіць на дзіцячым ютуб-канале «Люстэрка». Дзеці з задавальненнем паглядзяць відэа і даведаюцца пра новае і цікавае. Напрыклад, як чалавек здабыў агонь, або навошта людзям было вучыцца здабываць жалеза.
- Каму глядзець? Дзецям 5-8 гадоў і ўсім тым, хто хоча вучыць родную мову і гісторыю з маленькага ўзросту.
Анёлкі з вясёлкі
- Хто робіць? Вернікі парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі.
- Пра што відэа? Праграма знаёміць дзетак і іх бацькоў з хрысціянствам, а таксама дапамагае правесці разам час цікава і з карысцю. Напрыклад, выправіцца ў вандроўку да велічнага касцёла ў Івянцы або паслухаць цікавосткі пра Вялікі пост. Аўтары ствараюць добры настрой праз спевы, смачныя стравы, падарожжы і цікавыя апавяданні аб навакольным асяроддзі. У падкаста ёсць 7 раздзелаў-колераў вясёлкі: «Чароўныя вандроўкі», «Крочым да Бога», «Музычны куфэрак», «Сакрэты раслін», «Смачная хвілінка», «Вышэй неба», «Матуліны казкі».
- Каму глядзець? Усім, хто хоча разам са сваімі дзеткамі цікава і карысна бавіць час. Выпускі спадабаюцца як дашкалятам, так і падлеткам.